Хадою па Эўропе ў чатыры нагі і восем лап

«Увечары ў нядзелю нам патэлефанавалі дзяўчына з хлопцам і сабакам. Наш тэлефон знайшлі праз Хаспіталіці клаб, — кажа Лёша, які жыве ў цэнтры Вільні і час ад часу прымае падарожнікаў, што знаходзяць яго праз клюб гасьціннасьці. — Яны пратопалі 1 000 км да Вільні. Пакуль у нас тусяць, шукаюць кватэру…».

Калі я прыехаў да Лёшы, каб пабачыць гэтых тысячакілямэтровых «топальшчыкаў», то насустрач мне выбегла вялізная 7-месячная аўчарка Ліптан. Яго гаспадары, 23-гадовы фельчар Міхал і 25-гадовая мовазнаўца Марта, вандроўнікі новай генэрацыі. Замест зорак і компасу яны выкарыстоўваюць прыборы спадарожнікавай навігацыі, а любыя мэханічныя сродкі перасоўваньня ім замянілі іх ногі. Разам са сваімі гадаванцамі — сабакамі Шангуа і Ліптанам — яны прайшлі болей за 1 000 кілямэтраў, гэткім чынам сьцьвердзіўшы новы лад перасоўваньня на гэтым забітым гарадамі і машынамі кантынэнце.

Крыху панкаўскага выгляду, зь гіганцкай аўчаркай, што займае палову невялікай лёшынай кухні, Міхал і Марта нагадваюць нешта сярэдняе паміж чувакамі, што толькі што вярнуліся з 30-дзённага паходу пад дажджом і бязьлітасным сонцам, і той публікай, якую лёгка можна сустрэць на рок-канцэртах у любым вялікім польскім горадзе.

«На ўсю 35-дзённую вандроўку з Горава Вялікапольскага на захадзе Польшчы да Вільні нам хапіла каля 1 000 злотых ($340)», — кажа Міхал, перабіраючы грыву сваёй сабакі. Ён з задавальненьнем адзначае, што вандруючы гэткім чынам можна добра зэканоміць, ставячы намёт у лесе ці полі, ці карыстаючыся сэрвісам кшталту hospitalityclub.org. — «Канешне, мы пыталі дазвол на тое, каб паставіць намёт, і ніколі не атрымлівалі адмову. А чатыры разы дык увогуле ночылі ў лесьнікоў», — кажа Міхал.

Вандроўка Міхала і Марты пачалася у 7 гадзін 27 чэрвеня, калі яны выйшлі з роднага Горава. «Прыйшлі да нашай школы і проста пайшлі ў бок Вільні», — кажуць пешаходы.


Ліптан таксама прайшоў 1 000 км. Фота Aliaksei Siadura

…І заплечнік для сабакі

Але ня ўсё так проста, як можа падацца на першы погляд. Гэткай дзіўнай задуме папярэднічалі вялікая падрыхтоўка: хлопец і дзяўчына вывучалі маршрут (шлях падзялілі на 29 этапаў у 30 кілямэтраў), чыталі пра цікавосткі па дарозе, шукалі спонсараў і нават стварылі ўласны вэб-сайт (і, канешне ж, старонку ў Фэйсбуку).

«Калі вы шукаеце спонсараў для вашай справы, вельмі важна мець гэткую рэч, як сайт, — кажа Міхал. — І яна ў нас была — праз сайт мы маглі пакінуць наш кантакт, прапанаваць месца для разьмяшчэньня рэклямы».

У выніку, кампанія знайшла некалькі спонсараў для сваёй вандроўкі. «Вельмі лёгка было знайсьці спонсара для сабак. Але цяжка для нас саміх», — сьмяецца Міхал, дэманструючы дарагое нямецкае абсталяваньне для вандровак з жывёламі. «Цяпер у нас нямецкія, швэдзкія, польскія рэчы для жывёлаў. І дарагі спонсарскі GPS [прылада для выкарыстаньня электронных мапаў], які мы мусім вярнуць па сканчэньні вандроўкі».

«Многія людзі былі вельмі зьдзіўленыя, найперш тым, што сабакі мелі ўласныя заплечнікі. Людзі бачылі гэта і пыталі, што адбываецца. Калі на нас было надта шмат ўвагі, мы проста казалі, што ідзем у бліжэйшы горад». Зрэшты, увагу хлопец і дзяўчына адчулі яшчэ да пачатку шляху: за некалькі дзён да старту ў іх узялі некалькі інтэрвію польскія СМІ.


Марта і Міхал

«Нам проста падабаецца так бавіць час»

«Нам проста падабаецца так бавіць час, — тлумачыць мэту сваіх падарожжаў Міхал. Дарэчы, гэта ўжо ня першая вандроўка, галоўным інструмэнтам якой зьяўляюцца яго ж ўласныя пяты. Першым у яго жыцьці „паходам“ стала трохтыднёвае падарожжа з Калінінграду ў Нямеччыну. — Гэта нешта цікавае. Табе ня трэба вялікая колькасьць грошай. Ты можаш рабіць, што жадаеш: ісьці, спыняцца, спаць, дзе хочаш. Дзякуючы Марце ў нас зьявіліся дзьве сабакі, якія ішлі з намі. Але яны вельмі здаровыя, і ім было нашмат лягчэй пераадолець шлях, чым нам».

«У некаторыя дні ісьці было вельмі сьпякотна, а ў некаторыя ліў дождж. Першыя тры былі найбольш цяжкімі для нас, бо нашы заплечнікі аказаліся надта вялікімі, — кажуць хлопец і дзяўчына. — Але я ня ведаю іншых людзей, якія робяць тое ж самае», — дадае Міхал.

У Вільні ў бліжэйшыя шэсьць месяцаў Міхал і Марта будуць вучыцца па праграме студэнцкага абмену Эразмус. У Польшчы, як і тут, яны вувучаюць філялёгію.

«У нас была магчымасьць выбраць паміж Літвой і Партугаліяй. Але нам цікава вандраваць менавіта на ўсход, бо мы ведаем, што адбываецца на Захадзе. Хочацца пабачыць нешта такое, чаго не пабачыш на тэлевізары. Тым болей, у нас ёсьць сваякі ў Вільні, а дзядуля мой увогуле зь Беларусі са Сьвіру».


Фота Aliaksei Siadura

Наступнае падарожжа Міхал і Марта заплянавалі са швэдзкага Гётэборгу да Масквы. Гэта болей за 1 200 кілямэтраў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0718 seconds.