Беларусь працягне спробы далучыцца да Балоньскай прасторы

У 2015 годзе Беларусь зноўку падасьць заяўку на далучэньне да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў спадзеве на «менш палітызаваны падыход» эўрапейцаў. А пакуль беларуская адукацыйная сыстэма будзе інтэгравацца з расейскай і казахскай.

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч пацьвердзіў жаданьне працягнуць намаганьні па далучэньню Беларусі да Балоньскай сыстэмы. Пры гэтым Мінадукацыі спадзяецца на «менш палітызаваны падыход» ў гэтым пытаньні з боку эўрапейцаў. Аб гэтым перадае БелаПАН.

Некалькі месяцаў таму стала вядома, што Беларусі будзе адмоўлена ў яе жаданьне далучыцца да Балоньскай прасторы. Прычына ў тым, што Беларусь не падзяляе і не выконвае такія прынцыпы і каштоўнасьці працэсу, як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраваньні вышэйшай адукацыяй. Наступны шанец далучыцца да прасторы Мінадукацыі атрымае ў 2015 годзе.

Аднак міністар адукацыі ня лічыць патрэбным нешта зьмяняць у падыходзе да гэтых прынцыпаў:

«Нейкага ўплыву на нашыя рашэньні, нашую стратэгію гэта [адмова ў далучэньні да прасторы] ня будзе мець», — цытуе Белсат Маскевіча.

Міністар лічыць, што і так ужо ўсё выдатна:

«Мы будзем разьвіваць нашу сыстэму адукацыі ў адпаведнасьці з абранай стратэгіяй. Яна сапраўды максымальна спалучаецца з тым, што дэкляруецца краінамі Балоньскага працэсу, праграмамі разьвіцьця эўрапейскай адукацыі».

Міністар таксама заявіў, што чакае ажыўленьне інтэграцыйных працэсаў у сфэры вышэйшай адукацыі на постсавецкай прасторы, што зьвязана з разьвіцьцём адзінай эканамічнай прасторы.

Адразу пасьля абвяшчэньня рашэньня адмовіць Беларусі ў далучэньні да Балоньскай прасторы Беларусь заявіла аб жаданьні пашырыць супольныя адукацыйныя праграмы з Расеяй. У прыватнасьці, праграму вышэйшай адукацыі наблізяць да расейскіх стандартаў, а школьныя праграмы будуць правярацца расейскімі спэцыялістамі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.