#Оккупайабай: рэпартаж з Твітэр-рэвалюцыі

Магчыма неяк так бы выглядала беларуская Плошча варыянту году 2001-га, калі б тады ўжо прыдумалі Твітар. Сотні людзей, што прыйшлі праз інтэрнэт-заклікі у цэнтар гораду, каб там пад клятчатымі пледамі аб’яднацца ў суполкі па цікаўнасьцях. Ад кіраўнічай, дзе мясцовыя «віпы» абмяркоўваюць будучыню руху, да айцішнікаў, што дыскутуюць, як лепей разьмясьціць у мястэчку сетку вольнага вай-фаю. Гэтак нечакана кропка ў цэнтры сталіцы новапуцінскай Расеі стыхійна ператварылася ў цэнтар свабоды.

Брэмэнскія музыкі

«Пачнем з гэтага кутка. Тут гуляюць у бадмінтон», — камэра мабільнага тэлефону выхоплівае зь цемры абрысы дзьвюх дзяўчын, якія ў сьвятле вулічных ліхтароў сьмеючыся перакідваюць валанчык. Наступны кадр: каля дзесятку чалавек сядзяць на газоне і гуляюць у мафію. Удалечыні чуецца гітара і невялікі хор, што расьпявае галоўную тэму з мультфільму «Брэмэнскія музыкі». Аўтамабілі, якія едуць міма па блізкай вуліцы, зрэдзьчас падбадзёрваюць мінакоў гудкамі.

Нягледзячы на тое, што цяпер дзьве гадзіны ночы, колькасьць удзельнікаў «вулічных гуляньняў» налічвае сотні маладых і ня вельмі людзей. Тэрмін «гуляньні» праз год пасьля вельмі падобных падзей у Беларусі, таксама зьвязаных з сацыяльнымі сеткамі, «перавынайшлі» лідэры маскоўскага вулічнага пратэстнага руху, каб апісаць спробы гараджан праявіць сваё стаўленьне да вынікаў выбараў, інаўгурацыі прэзыдэнта Пуціна ды іншых мясцовых палітычных заварушак. А яшчэ некалькі гадзін таму ў гэтай частцы бульвару Чыстыя пруды можна было пабачыць болей за 2 тысячаў чалавек: вольнага месца амаль не было.

Тыя, хто наважыўся ўжо другую ноч правесьці на вуліцы, называюць гэтае месца «лягерам». Нягледзячы на тое, што некаторыя жыхары суседніх дамоў лічаць, што тут разьмясьціўся «наркалягер гастарбайтэраў», сюды імкнуцца трапіць усё болей людзей: ад вядомых палітыкаў да звычайных студэнтаў.

У лягеры ўжо ёсьць кухня, дзе гатуецца ежа: бутэрброды, вада, гарбата, печыва. А недалёка ад яе пад вялізным дрэвам — бэнзінавы генэратар, які выкарыстоўваецца для падзарадкі розных электронных дэвайсаў: тэлефонаў і ноўтбукаў. Сапраўды, куды ж хіпстэры, а менавіты гэты назоў стаў ужо амаль кананічным у вызначэньні тых, хто апошнія месяцы, узброіўшыся айпадамі і айфонамі, выходзіў на пратэсты ў буйных расейскіх гарадах, без лэптопаў? Гэта прылада цяпер здаецца больш важнай, чым нават прыбіральня, якую вось-вось мусяць прывезьці ў лягер.

Сапраўды, канцэнтрацыя дарагіх хай-тэк дэвайсаў на мэтар мясцовай плошчы можа паспаборнічаць адзінае што з крамай Apple-store, але менавіта гэтыя прылады далі магчымасьць мабілізаваць многіх цяперашніх насельнікаў бульвару. Адсылаючы паведамленьні праз Twitter і Facebook, лідэры «вулічных гуляньняў», блогер і адвакат нацыяналістычных поглядаў Аляксей Навальны і левы радыкал Сяргей Удальцоў, аказаліся здольнымі кіраваць вялізным натоўпам, водзячы «хіпстэраў» па цэнтры Масквы два дні запар, гуляючыся такім чынам з паліцыяй у ката і мышку. Каб у выніку 9 траўня на дзень перамогі адправіцца ў турму на 15 сутак. І такім чынам выйграць. Паліцыя перастала ганяцца за нястомнай моладзьдзю, заганяць яе ў аўтазакі, каб завезьці сотні гэтых твітэранаў у пастарункі і выпусьціць іх празь некалькі гадзінаў. На што твітэране адразу ж посьцілі радасную навіну аб сваім вызваленьні і шукалі новае месца збору.

#Оккупайабай

Пасьля таго, як Навальны і Ўдальцоў адправіліся ў камэры, усё адразу ж перамянілася: паліцыя перастала ганяцца за пратэстоўцамі, і тыя безь сьцягоў і лёзунгаў проста ўладкаваліся на бульвары Чыстыя пруды ля помніку раней нікому не вядомаму казахскаму паэту Абаю. Удальцоў запосьціў у Твітэр, што перадае каардынатарскія паўнамоцтвы яшчэ аднаму вядомаму апазыцыянэру Ільлі Яшыну. Ужо празь некалькі гадзін ў промнях заходзячага сонца Яшын разам з дачкой колішняга шэфа Пуціна Ксеніяй Сабчак, што за дзень да гэтага ўпершыню ў жыцьці пракацілася ў аўтазаку, абодва ў цяльняшках, стаялі на бульвары ў атачэньні журналістаў і раздавалі інтэрвію аб плянах лягеру.

Чыстыя пруды — гэта частка бульварнага кола ў Маскве, заціснутая паміж аднайменнай станцыяй мэтро і невялікім возерам. Тут, пад помнікам паэту Абаю Кунанбаеву, імя якога маскоўскія журналісты развучвалі апошнія два дні, расьце сапраўднае намётавае мястэчка. Адзінае, чаго пакуль не хапае для атрыманьня статусу лягеру ў стылі руху Occupy ці намётавага мястэчка на беларускай Кастрычніцкай-2006 — гэта саміх намётаў. Але адпаведны тэг лягер ужо займеў. #Оккупайабай — так завецца новая калыска расейкай рэвалюцыі, што марыць стаць яе Майданам.

Нешта падобнае сьвет бачыў ужо ня раз. Такія самыя лягеры розных маштабаў і ступені маргінальнасьці ўзьнікаюць штогод ад Дубліну да Мадрыду і Сыднэю. Цяпер іх удзельнікі ўсё часьцей даведваюцца пра іх існаваньне менавіта праз сваіх сяброў у Твітэры і іншых сацыяльных сетках.

Так было ў тым самым Мадрыдзе, так было і ў часе беларускіх вулічных пратэстаў у чэрвені 2011 году. Акрамя агульнага назову «народных гуляньняў» беларускія і расейскія пратэсты радняць такія рэчы, як адсутнасьць любых прыкметаў звычайных мітынгаў і шэсьцяў, амаль поўная адсутнасьць ці хутчэй віртуалізацыя лідэраў, супольнае вызначэньне тактыкі дзеяньняў празь Інтэрнэт.

Нават на затрыманьні ўдзельнікаў акцый у Менску і Маскве рэагавалі аднолькава: плясканьнем у далоні. Што ўжо казаць пра плэйліст пратэстоўцаў, галоўным трэкам якога, як і год таму ў Беларусі, стала кампазыцыі «Перемен» Віктара Цоя. Хаця маскоўскія акупайшчыкі з-за аб’ектыўна большай колькасьці людзей з гітарамі здольныя да выкананьня амаль любога больш-менш вядомага твору: ад I can‘t get no satisfaction да шнураўскай нецэнзуршчыны. Гэтак сама як і ў Менску ці Каіры, ў Маскве цяпер рыхтуюцца да прыпыненьня доступу да сацыяльных сетак. І чаканьні ўжо пачынаюць спраўджвацца. Тым часам рух пратэстаў распаўсюджваецца па вялікіх расейскіх гарадах: людзі ў гэткіх самых вулічных гуляньнях, толькі меншых маштабаў, бавяць час у Піцеры, Самары…


Фотаздымкі dervishv.livejournal.com

«Усё, што вы мусіце ведаць, гэта тое, што мы пратэстуем ужо каля паўгода, пачынаючы са сьнежня. Але толькі цяпер мы зладзілі гэты рух #оккупайабай», — хлопец з тэлефонам на выцягнутай руцэ па-ангельску адказвае на пытаньні замежнікаў, што даходзяць да яго празь Інтэрнэт. Паралельна з тэлефону ён вядзе відэа-трансляцыю праз сацыяльную сетку Ustream, дзякуючы якой кожны можа пабачыць, што цяпер адбываецца на Чыстых прудах.

«Што вы зробіце, калі пераможаце?»

«Люстрацыю, — спакойна адказвае хлопец. Сьпікер перапыняецца, каб падзякаваць невядомай дзяўчыне за кубак гарбаты, які яна падрыхтавала для яго, „каб не замерз“. — Дык вось, за што мы змагаемся? — працягвае ён. — За роўнасьць усіх перад законам, за справядлівыя выбары і вызваленьне палітвязьняў».

«Быць свабодным — гэта вельмі крута»

Усё, што напісана тут — зусім не рэальны рэпартаж. Я ня быў і не пляную адпраўляцца на маскоўскія вулічныя гуляньні. Можа быць, у той момант, пакуль я пішу гэтыя радкі, альбо калі вы чытаеце іх, лягеру #оккупайобай ужо не існуе, а яго насельнікі знаходзяцца ў судах. Але зьвестак пра падзеі ў месцах, поўных людзей з камэрамі і тэлефонамі, якія штохвіліну хутчэй за любых журналістаў абнаўляюць стужкі ў сацыяльных сетак і вядуць наўпроставыя відэа-трансляцыі, дастаткова, каб адчуць сябе калі ня часткаю пратэсту, то хаця б яго відавочцам. Дзякуючы наўпроставым мабільным відэа-трансляцыям я атрымаў магчымасьць правесьці з маскоўскімі пратэстоўцамі амаль палову ночы.

Нават цяпер, у прыкладна тры гадзіны ночы па маскоўскім часе, стужка Твітэру пад назовам #чистыепруды абнаўляецца паведамленьнямі штохвіліну, у якіх юзэры альбо заклікаюць адзін аднаго далучацца да начнога «гуляньня», альбо проста абяцаюць прывезьці прадуктаў.

«Быць свабодным — гэта вельмі крута», — на гэтым трансляцыя перапыняецца. Каб вярнуцца нараніцу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.