Аляксей Талстоў напісаў раман пра «жорсткі падлеткавы фашызм»

Аляксей Талстоў належыць да таго пакаленьня маладых літаратараў, што адчайна імкнуцца прасунуць сваё інтэлектуальнае чытво «не для мэтрапалітэну» сярод беларускай моладзі, якой на імпрэзе сабралося ня мала. Прэзэнтацыя кнігі пачалася яшчэ ля ўваходу ў кнігарню, дзе на прыступках стаялі музыкі і гралі нешта пяшчотна-журботнае, быццам прымушаючы кожнага пакорпацца ў сабе, акурат як і кнігі Талстова.


Аляксей Талстоў на прэзэнтацыі выставы Аляксея Губарава «Сьпячы рэжым» 

Гледзячы на Аляксея, зусім не ўяўляецца ні аўтар «Бураціны» ні наагул чалавек, які хоць неяк зьвязаны зь літаратурай. Аляксей хутчэй падобны на рок-зорку беларускага андэграўнду: пацёртыя кеды, вузкія джынсы, моладзевая гаворка зь бясконцай колькасьцю мякка кажучы нелітаратурных словаў, якія зрэшты і аздабляюць ягоныя раманы. Яны робяць прозу Талстова настолькі адметнай, што нават выпадковы чытач ня здолее яго ні з кім пераблытаць, ні зь Сінам, ні з Бахарэвічам, уплыў якіх можна заўважыць у ягонай творчасьці.

Дапамагалі аўтару разрэклямаваць кніжку ўсьмешлівая рэдактарка раману Вольга Гапеева ды выдавец кнігі Зьміцер Вішнёў. Апошні ахарактэразаваў кнігу як «індустрыяльны раман, які стварае гарадзкую міфалёгію, у нечым брутальны, у нечым прыгодніцкі» і правёў паралелі з бахарэвічаўскімі «Шабанамі».

Падчас імпрэзы Талстоў паводзіць сябе проста, часам нешматслоўна адказваючы на разгорнутыя ды закручаныя пытаньні Вольгі і чытачоў. Падаецца, што сам пісьменьнік не разумее сваю ролю ў сучаснай беларускай літаратуры і не здагадваецца (альбо ўмела хавае), што зьяўляецца па сутнасьці вундэркіндам беларускага экзыстэнцыялізму і майстрам апісаць так трапна неапісваемыя пачуцьці словамі, што ты чытаеш і разумееш «чорт, гэта ж пра мяне!». Варта адзначыць, што ягоны дэбютны раман «Бег», якому было «ненаканавана стаць сенсацыяй», як адзначаў Ільля Сін у прадмове, усё ж такі ёй стаў і патрапіў ў шорт-ліст адной з самых прэстыжных беларускіх літаратурных прэмій побач з кнігамі сталых мэтраў сучбелліту.

Талстоў даволі разнабаковы чалавек, ён і мастак, і графік і нават музыка, удзельнічаў у разнастайных пэрфомансах, браў удзел у праекце «Карціна алеем». Цяпер у галерыі «Ў» праходзіць ягоная выстава «Рэакцыя на чужое» — разважаньні аўтара ў рэфлексійных тэкстах, на першы погляд, нязьвязаных, і замаўлёўках у стылі Эдварда Мунка. «Ня варта шукаць які-кольвечы прыхаваны сэнс у гэтых працах. У іх няма і ня можа быць нічога акрамя позірку звонку», — сьцьвярджае аўтар.

Сам Талстоў любіць клясыку, сучаснай беларускай літаратуры чытае мала, але паважае творчасьць Бахарэвіча. Сваю літаратуру перачытваць ня любіць, і пачынае ўжо ненавідзець свой апошні раман «Мінакі».

«Мінакі» — гэта адмаўленьне, нянавісьць, супрацьстаяньне і спроба самасьцьвярджэньня. У адрозьненьне ад першага рамана Талстова, у другім прысутнічае сюжэтная лінія, пра што сам аўтар распавядае так:

«Ёсьць пацан такі, напэўна ўсё ж такі студэнт, вершы піша, бухае, у яго цьмяныя не асабліва надзейныя стасункі з соцыюмам, з аднагрупнікамі, бацькамі. Зь ім побач заўжды ўзьнікаюць вулічныя пэрсанажы, якіх звычайны чалавек імкнецца пазьбягаць і забываецца, што яны такі ж самыя людзі. Другі пэрсанаж, дзяўчынка, якая збольшага сядзіць дома, у яе ёсьць свой сьвет, кіно, прыгожая музыка, часам яна наведвае нейкія выставы, любіць усё беленькае, пяшчотнае. Яны супрацьстаяць, яны шчыра ненавідзяць іншых — тых, хто непадобны да іх, такі жорсткі падлеткавы фашызм».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0643 seconds.