Новы альбом «Ляпіса Трубяцкога» разышоўся па сеціве
Як і было абяцана, 1 траўня альбом «Рабкор» гурта «Ляпіс Трубяцкой» зьявіўся на сэрвісе «Яндекс.Музыка». Афіцыйна там яго можна толькі слухаць, але з дапамогай няхітрых маніпуляцый прыхільнікі хутка нарабілі MP3 ды вывесілі альбом на торэнты.
На сэрвісе Яндэкса існуе прававое абмежаваньне, якое не дае магчымасьці праслухоўваць альбом Ляпісаў па-за межамі Беларусі, Украіны, Расеі і Казахстана. Тым ня менш праз торэнты ды шматлікія перапосты ў vk.com за гэту ноч альбом разышоўся па сьвеце.
Афіцыйная прэзэнтацыя аднак адбудзецца толькі 6 траўня на сайце ThankYou.ru.
Як і папярэджваў Сяргей Міхалок, альбом атрымаўся надзвычай лютасным і дзёрзкім. Бескампрамісныя тэксты пад жорсткі рытм не пакідаюць слухачу аніякіх надзеяў на бесклапотную старасьць.