«Беларускія» выходныя ў Вільні прапануюць дапоўніць экскурсіямі
Шмат беларусаў зьбіраецца гэтыя выходныя правесьці ў Вільні, наведаць забаронены ў Менску канцэрт «Крамбамбулі», закупіцца ў віленскіх гіпэрмаркетах, пасядзець ва ўтульных кавярнях. А віленскія беларусы прапануюць дапоўніць культурніцкую праграму дзьвюма экскурсіямі, якія адмыслова зладзяць па беларускай Вільні 29 красавіка.
Здымкі зь літоўскага веснавога кірмаша Казюкас → увесь фотарэпартаж у фотаблогу Generation.by
Вільня для беларусаў — гэта ня проста бліжэйшая эўрапейская сталіца, а старажытная сталіца нашай гістарычнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага, можна сказаць, музэй беларускай гісторыі пад адкрытым небам. І ў гэтую нядзелю ёсьць цудоўная магчымасьць наведаць яго разам зь беларусамі-віленчукамі, якія пагадзіліся правесьці экскурсіі для ўсіх ахвотных беларусаў.
На аглядную экскурсію па беларускіх мясьцінах цэнтру Вільні запрашае Валянцін Стэх. Ён правядзе шпацыр ад Вострай брамы да вежы Гедыміна, пакажа славутыя Базыльянскія муры, якія памятаюць 7 вякоў беларускай гісторыі, друкарню Францішка Скарыны, адкуль амаль 500 гадоў таму сыйшлі з варштату першыя беларускі друкаваныя кнігі, ды шмат іншых віленскіх куточкаў, непасрэдным чынам зьвязаных зь беларускай гісторыяй і яе славутымі дзеячамі. Сустрэча на экскурсію — ля Вострай Брамы ў 12:00.
А ў 16:00 ад галоўнага ўваходу ў Чыгуначны вакзал сустракаюцца ахвотныя патрапіць на экскурсію ў вядомы некропаль могілкі Роса са спадарыняй Людвікай Вітушкай. Разам зь можна наведаць магілы, даведацца пра жыцьцёвы шлях ды ўшанаваць памяць знакамітых дзеячоў беларускай гісторыі, такіх як браты Іван і Антон Луцкевічы, літаратары Францішак Аляхновіч, Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) і Уладзіслаў Сыракомля, ксёндз-паэт Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч), архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі, археоляг і гісторык Яўстах Тышкевіч, гісторык Яўхім Лялевель ды многія іншыя.
Экскурсіі бясплатныя, але ахвяраваньні экскурсаводам вітаюцца. Тэлефон для кантактаў у Вільні +37060132952 (будзе працаваць 28-29 красавіка).