Прадарожжа ў Літву: Вільня практычная

«Крывіцкая Мэкка», Вільня, дазваляе паглынуцца ў самыя дарагія нашаму сэрцу завулкі гісторыі і адначасова адчуць подых новай Эўропы. Але, як і любая Мэкка, Вільня мае свае сакрэты. Паспрабуем раскрыць іх і падрыхтавацца да прафэсійнай вандроўкі ў Вільню. Спачатку практычна (парады як даехаць, дзе спыніцца і як там пражыць).


Ля Вострай брамы: цэнтар Вільні набыў усе турыстычныя якасьці. Але яго ўскараіны таяць шмат нечаканасьцяў

Як даехаць?

Зь Менску да Вільні ходзяць аўтобусы і цягнікі. Самы танны квіток — каля 80 000. Расклад глядзець тут. Аўтобус каля 120 000. У кіроўцы таньней. Студэнты і іншыя вольныя асобы любяць езьдзіць у Вільню спынам. На гэта спатрэбіцца мо і менш часу, чым на вандроўку цягніком. Гадзіны 3–4. Старт ад кальцавой з боку мэтро «Каменная горка». Мяжу можна пераходзіць пешкі. 

На мяжы вас чакаюць ветлівыя беларускія і літоўскія памежнікі. Беларусы нават штамп у пашпарт не паставяць — цяпер і яны з нэтбукамі:) Ня менш ветлівыя літоўскія памежнікі могуць пацікавіцца мэтай візыту (калі едзеце да сяброў — варта памятаць назву вуліцы, дзе яны жывуць) і сродкамі на жыцьцё (40 эўра на дзень).

Як праехаць?

Вакзалы аўтобусны і чыгуначны (Stotis) знаходзяцца праз вуліцу адзін ад аднаго. Паміж імі — зручны абменны пункт з добрым курсам. Гэта адзінае месца, дзе ўначы ў Вільні можна памяняць грошы. Прымаюць і беларускія рублі. Троху побач у аўтобусным вакзале абменны пункт Medicinos bankas, дзе троху выгодней.

 

Таксама ля вакзалу знаходзіцца чароўны кіёск – адзінае месца ў Вільні дзе прадаюцца карты Vilnius 24h – праязны на ўсе віды грамадзкага транспарту, зь якім можна 24 гадзіны езьдзіць па горадзе. Кошт 13 літаў (звычайны квіток 2 літы, у кіроўца 2.5, штраф 20 літаў). Такую карту зручна браць, калі вы зьбіраецеся за бліжэйшыя суткі (ад часу набыцьця талёну) езьдзіць у транспарце ня менш за 7 разоў.

На кожным прыпынку ёсьць расклад руху аўтобусаў і тралейбусаў. У раскладзе жоўтым пазначаныя рэйсы, дзе ходзяць прызначаныя і для людзей з фізычнымі абмежаваньнямі аўтобусы ці тралейбусы. Увага! Аўтобусы, у адрозьненьні ад менскай традыцыі, пазначаюцца на мапах сінім колерам, а тралейбусы чырвоным.

Кошт праезду ў таксі — прыблізна 1,4 літа за 1 км. Кошт праезду ў таксі без замовы (у «злоўленым» на вуліцы) будзе амаль у два разу вышэй, чым пасьля замовы па тэлефоне. Некаторыя нумары таксі: 1410, 1422, 1445, 1477, 1818.

Уся інфармацыя для турыстаў, з халяўнымі мапамі гораду і іншым шчасьцем, даступная ў спэцыяльных інфармацыйных офісах. Яны пазначаныя вялікай літарай «I». Адзін з такіх офісаў знаходзіцца адразу ў ратушы (падрабязьней пра яе — у наступным артыкуле).


Праспект Гедыміна. Фота Aliaksei Siadura

Сувязь

Зь Інтэрнэтам тут ўсё добра. З мабільнай сувязьзю таксама. Набыць сім-карту без усялякіх дакумэнтаў можна ў любым кіёску. Каб актываваць яе, звычайна трэба проста кудысьці затэлефанаваць, альбо выбраць мову, зь якой з вамі будзе надалей гутарыць кампутарны голас апэратара.

Ёсць некалькі месцаў, дзе Інтэрнэт бясплатны. Гэта гандлёвыя цэнтры (Акропаліс і Озас), ды публічныя пляцоўкі ў старым горадзе. Пазнаць іх можна па адпаведных шыльдах. 

Дзе жыць?

Калі ў вас няма віленскай цёці, то варта падшукаць прыстойны гатэль. Тут усё залежыць ад фінансавых здольнасьцяў. Калі грошай малавата, то можна зьвярнуцца да пакояў у студэнцкіх кампусах — кошты там будуць каля 10 эўра за ноч. Калі грошы ёсьць, можна падшукаць што-небудзь бліжэй да цэнтру. Але і кошты ўзрастуць да, прыкладна, 70 эўра за двухмясцовы нумар.

Для поўных экстрэмалаў можна параіць знайсьці які-небудзь закінуты заводзік. Іх у Вільні з савецкіх часоў даволі шмат. Асабіста не спрабаваў, але эўрапейскіх студэнтаў, якія мелі пасьпяховы вопыт пражываньне ў цэхах, сустракаў.

Крамы

Галоўная гандлёвая Мэкка Вільні — гіпермаркет «Акропаліс». Там ёсьць усё, што трэба для пасьпяховага шматгадзіннага шопінгу. Праезд ад Лукішскага пляцу аўтобусам 56. Побач з ім — іншая Мекка Озас. Набор крамаў і, адпаведна, кошты, амаль ідэнтычныя.

Бурштын — адзін з галоўных тавараў усёй Балтыкі — варта набываць у галерэях: там ён больш якасны. Сувэніры і карціны зь відамі Вільні і самотных котак можна падабраць у раёне вуліцы Pilies ля праваслаўнай царквы сьвятога Мікалая.

Таксама ў Цэнтры сучаснага мастацтва ёсьць клясная «творчая крама».


Ратушная плошча

Набіць страўнік

Чым-чым, а рэстарацыямі Вільню не абдзялілі. На студэнцкі страўнік можа быць зручная сталоўка Віленскага ўнівэрстытэту.

Дакрануцца да культуры

Музэяў ня шмат. Ёсьць галерэі сучаснага мастацтва, ёсьць месцы, куды прывозяць даволі цікавыя выставы больш клясычнага мастацтва (Арсэнал, напрыклад). Большасьць музэяў сканцэнтраваная ў раёне ніжняга замку (Арсэнал, Новы Арсэнал).

Сярод арыгінальных музэяў, якія ўражваюць, адзначаюць Музэй генацыду. Ён знаходзіцца на галоўнай вуліцы гораду — праспэкце Гедыміна ў будынку мясцовага КДБ (Auku, 3). Калі вы яшчэ не былі ў ролі пастаяльца «амэрыканкі», то будзе цікава. Галоўнае, ня дайце сябе зачыніць у камэры!

Квіткі ў музэі ў два разы таньней для студэнтаў, варта толькі паклапаціцца пра міжнародны студэнцкі (ISIC).

Далучыцца да прыгожых відаў можна па выходных, калі забрацца на самую высокую кропку Вільні. Яна знаходзіцца ў хмарачосе 148-мэтровага гандлёвага цэнтру. Доступ да пляцоўкі толькі па нядзелях.

Агляд далёка ня поўны, таму будзем удзячныя кожнай заўвазе і дапаўненьням!

Карысныя лінкі:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.