Прафсаюзы: правілы выплат кампэнсацыі за здымнае жыльлё студэнтам не працуюць

Нягледзячы на тое, што цяпер студэнты могуць атрымліваць ад унівэрсытэтаў па 300 тысячаў у месяц у якасьці кампэнсацыі за здымнае жытло, на гэтыя грошы прэтэндуюць адзінкі. Кіраўніцтва ВНУ вінаваціць студэнтаў, а ў афіцыйных прафсаюзах лічаць умовы атрыманьня кампэнсацыі занадта жорсткімі.

«Кампэнсацыю кошту здымнага жыльля атрымліваюць адзінкі. Пастанова Савету міністраў не спрацоўвае», — кажа старшыні Беларускага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Раман Дапіра.

Як адзначае «Мінскі кур’ер», за пяць месяцаў дзеяньня новых правілаў па суму 300 тысячаў рублёў у месяц (у рэгіёнах — 200 тысячаў) у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт зьвярнуліся толькі 9 студэнтаў, а Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі — 8. І гэта нягледзячы на тое, што з 1 красавіка сума гэтых выплатаў значна павялічыла.

Кіраўніцтва ВНУ лічыць, што студэнты «тармозяць», бо «ўзмоцнена» занятыя навучаньнем:

«Пастанова Савету міністраў, якая рэглямэнтуе парадак выдачы кампэнсацыі, была прынятая ў канцы кастрычніка мінулага году. У лістападзе-сьнежні ў студэнтаў пачалася ўзмоцненая падрыхтоўка да сэсіі, а ўсе надзённыя праблемы адышлі на другі плян. Хвалю жадаючых атрымаць кампэнсацыю чакаем цяпер», — кажа прарэктар па вучэбнай працы і сацыяльных пытаньнях БДУІР Аляксандр Хмыль.

Але ў афіцыйных прафсаюзаў іншае меркаваньне. Там лічаць, што студэнты пастаўленыя ў жорсткія рамкі, на даплаты могуць прэтэндаваць толькі адзінкі.

«Каб атрымаць кампэнсацыю, вучню неабходна адпавядаць двум асноўным патрабаваньням. Па-першае, сярэднедушавы прыбытак сябраў сям’і студэнта не павінен перавышаць двух бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Па-другое, у ВНУ трэба паказаць дамову найму жылога памяшканьня, — удакладняе Раман Дапіра. — Мы правялі сацыялягічнае апытаньне сярод студэнтаў: больш за 70% тых, хто здае кватэры, не заключаюць падобных дамоваў».

У выпадку заключэньня афіцыйнай дамовы найму памер арэнды даволі значна ўзрастае, бо ў такім разе гаспадар будзе вымушаны сплочваць падаткі. У сталіцы ў залежнасьці ад месцазнаходжаньня кватэры неабходна штомесяц выплачваць ад 75 тысяч да 110 тысяч рублёў за кожны пакой. Чым бліжэй да цэнтру, тым, натуральна, вышэйшы падатак. Вядома, абавязак выплочваць гэтыя грошы кладзецца на плечы студэнтаў.

Таму прафсаюзы прапануюць выплочваць кампэнсацыю ўсім студэнтам, якім не хапіла месца ў інтэрнаце, а не толькі абраным.

«Толькі сума даплаты павінна вызначацца індывідуальна для кожнага студэнта ў залежнасьці ад узроўню прыбыткаў і сацыяльнага становішча. І рабіць гэта павінен унівэрсытэт, — кажа Раман Дапіра. — А калі гаспадар здае кватэру студэнту, то аўтаматычна вызваляецца ад выплаты падатку. Гэта дапамагло б вывесьці сфэру арэнднага жыльля зь ценявога бізнэсу».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.