Пад дахам БРСМ у Гародні запрацуюць бар і заля гульнявых аўтаматаў

У Гародні завяршаецца будаўніцтва першага з двух цэнтраў, з дапамогай якіх мясцовая арганізацыя афіцыйнага саюзу моладзі спадзяецца выйсьці на самафінансаваньне. У гэтым БРСМ дапамогуць залі гульнявых аўтаматаў і бары.


Адзін з праектаў моладзевага цэнтру ў Гародні, які запрацуе пад дахам БРСМ

У Гародні будуюцца два шматпрофільных моладзевых цэнтры, якія будуць працаваць пад эгідай абласной арганізацыі БРСМ,

Як заявіў нядаўна газэце «Рэспубліка» кіраўнік гарадзенскага БРСМ Юры Аляксей, у цэнтры дапусьцяць толькі тых, хто «ўдзельнічае ў правядзеньні дзяржаўнай моладзевай палітыкі».

У моладзевым цэнтры, які заняў будынак былога кінатэатра «Гродна» у самым цэнтры гораду, зьявіцца дыска-заля, інтэрнэт-клюб зь бяздротавым Wі-Fі, кафэ-бар, і нават заля гульнявых аўтаматаў. Усё гэта будзе працаваць пад эгідай БРСМ і прыносіць арганізацыі значныя сродкі. Кіраўнікі арганізацыі прызнаюцца, што зь іх дапамогай яны спадзяюцца выйсьці на частковае самафінансаваньне.

Галоўная мэтавая аўдыторыя бараў і казыно — студэнты:

«Студэнты змогуць знайсьці тут заняткі і адпачынак па інтарэсах», — кажа кіраўнік БРСМ Аляксей.


Працы ў кінатэатры ўжо сканчаюцца. Фота million.by

Другі цэнтар «прапішацца» ў закінутым будынку Палацу культуры будаўнікоў. Тут пасьля завяршэньня рэканструкцыі зьявяцца цэлых два памяшканьні для дыскатэкі, боўлінг, спорт-бар і кафэ, трэнажорныя залі, заля для заняткаў шэйпінгам, інтэрнэт-клюб. Не забыліся ў БРСМ на СПА-салён і цырульню.

Пры гэтым плошчы цэнтра стануць быццам «бізнэс-інкубатарам для маладых прадпрымальных людзей». Узяўшы крэдыты і арандаваўшы плошчы, яны змогуць пачаць уласную справу.

Моладзевы цэнтар — новы трэнд у БРСМ

Моладзевыя цэнтры ў Гародні стануць першымі ў краіне, але, верагодна, не апошнімі.

«Спачатку мы хацелі зрабіць толькі адзін цэнтар, але месца для таго, каб рэалізаваць усе задумы, аказалася недастаткова. Таму было вырашана ажыцьцявіць два праекты. У будучыні разьлічваем, што падобныя моладзевыя цэнтры зьявяцца і ў райцэнтрах вобласьці на базе кінатэатраў, што неэфэктыўна выкарыстоўваюцца, цэнтраў творчасьці і інш. Гэта запатрабавана і будзе прыносіць прыбытак», — ужо лічыць грошы Юры Аляксей.

Акрамя гэтага, аб жаданьні адчыніць такі ж самы моладзевы цэнтар у Менску заявіў нядаўна кіраўнік аддзелу мэрыі па справах моладзі Аляксей Півавараў. Задача новай структуры мусіць стаць «разьвіцьцё значных для грамадзтва моладзевых ініцыятываў у сталіцы».

Фішкай менскага цэнтру стане першы дзяржаўны хостэл, а таксама крызісны пакой для падлеткаў.

У Менску ўжо ёсьць адзін моладзевы цэнтар, адбудаваны з удзелам БРСМ. Гэта цэнтар «Айсбэрг» на скрыжаваньні вуліц Сурганава і Якуба Коласа. Праўда, калі будаўніцтва пачыналася быццам з удзелам БРСМ, то цяпер аб гэтым месцы, дзе можна знайсьці шмат рэстарацый і нават боўлінг залю, кажуць выключна як аб камэрцыйнай структуры.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0639 seconds.