Вулічны мастак правёў пэрформанс ля літоўскай амбасады ў знак пратэсту супраць візаў
«Чаму я не магу проста паехаць у іншую кропку сьвету бязь візы?» — пытаецца вулічны мастак Symon. На днях ён зьдзейсьніў незвычайную акцыю: заматаў стужкамі прыпынак на вуліцы Саломенная насупраць амбасады Літвы ў Менску, каб прымусіць іншых людзей задумацца аб праблеме існаваньня візавых абмежаваньняў.
24 сакавіка, на прыпынку ля амбасады Літвы ў Менску можна было пабачыць інсталяцыю «Бязь візаў Бяз чэргаў Без прыніжэньняў». Галоўным элемэнтам яе стала вялізная валіза, падвешаная на заматаным
«Валіза — сымбаль вандровак, прыпынак — месца непасрэдна зьвязанае з перасоўваньнем людзей у прасторы ды часе, партал адным словам, — тлумачыць Symon сэнс акцыі. — Стужка — абмежаваньні ды перашкоды, якія штучна створаныя, якія замінаюць дабрацца да патрэбнага табе месца».
Усё разам — нагода, каб прымусіць «народ паварушыцца», каб кожны задаў сабе пытаньне, навошта патрэбныя візы, і ці патрэбныя яны ўвогуле?
«Усе ж грамадзяне плянэты Зямля, дык чаму я не магу проста паехаць у іншую кропку сваёй La belle verte Радзімы? Але сядзіць важны чалавек у вакенцы і вырашае, ці годны ты апынуцца на „яго тэрыторыі“, ці не. Адразу ж гэтым цябе прыніжаюць і маніпулююць табой, — тлумачыць вулічны мастак. — Але праблема не ў саміх візах — яны толькі сымптом. Праблема ў сапсаванасьці чалавечых адносінаў і каштоўнасьцяў».
Каб прайсьці на прыпынак людзям трэба было сваімі рукамі разарваць стужкі. «Таму не я адзін удзельнічаў у гэтай тэатральнай пастанове, а яшчэ мінакі і дворнікі. Спадзяюся валізы, якія яны маглі забраць сабе, кампэнсавалі іхнія невялічкія фізычныя затраты. Так што, хлопцы, бяз крыўдаў!».
Дарэчы, візавая праблема актуальная і для самога Symon’а. Бо шэнгенскай візы ён ня мае: «сам бы сабе намаляваў, але чамусьці кажуць, што не падыходзіць».