Гурт Re1ikt шукае вакаліста
Мінскі гурт Re1ikt абвяшчае кастынг для вакалістаў. Манера выкананьня прэтэндэнта можа быць любой: рок, фольк, джаз, акадэмічны сьпеў і інш. Будуць разглядацца кандыдатуры хлопцаў і дзяўчат.
«У нас сур’ёзныя творчыя пляны, намечаны ўдзел у розных праектах і мерапрыемствах, і таму мы хочам хутчэй вырашыць праблему з фронтмэнам, — распавядаюць удзельнікі Re1ikt. — Нам патрэбны чалавек з добрым вакалам, які гатовы, як і мы, да таго, каб зрабіць музыку сваім асноўным заняткам. Узрост ад 18 гадоў, абавязковае веданьне беларускай мовы і вольны выезд за мяжу. Важнае сумленнае стаўленьне да пастаўленых задач».
Калі ў вас ёсьць жаданьне і здольнасьць стаць новым вакалістам Re1ikt, лістуйце на re1ikt.music(at)gmail.com».
Гурт Re1ikt застаўся без вакаліста напрыканцы мінулага года. Музыкі разглядалі некалькі кандыдатаў на ролю фронтмэна, але, на жаль, з розных прычын не змаглі стала супрацоўнічаць зь імі.
Re1ikt — беларускі гурт, які грае ў стылях art rock, alternative rock, post-rock. Піянэры беларускамоўнага post metal. Каманда выдала 3 поўнафарматныя альбомы («Едениц'es» (2006), «Клиника» (Go-Records, 2009), «Рэкі пад ільдом» (Vigma, 2011), акустычны міні-альбом «Vytoki» (2010), live-DVD, удзельнічала ў зборніках, выступала ў шматлікіх гарадах Беларусі, а таксама на фэстывалях «Басовішча -2010», «Бардаўская Восень» (2009 (Гран-пры), 2010, 2011) у Польшы, «BeFree-2009» ва Украіне.