Студэнты эканамічных і юрыдычных спэцыяльнасьцяў будуць плаціць за навучаньне ў 2 разы болей за студэнтаў-тэхнікаў

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч назваў спэцыяльнасьці, кошты навучаньня па якіх застануцца прыкладна на тым самым узроўні. Гэта прыродазнаўчыя, тэхнічныя і мэдыцынскія спэцыяльнасьці. Астатнія, найперш юрыдычныя і эканамічныя спэцыяльнасьці, падаражэюць у два разы: «патрэбы ў іх няма».


Рыхтаваць тэхнароў і мэдыкаў будуць за кошт будучых юрыстаў і эканамістаў

«У гэтым годзе 25% апытаных выпускнікоў зьбіраюцца паступаць на эканоміку. Дык чаму дзяржава павінная субсыдаваць іх навучаньне? Ці ёсьць такая патрэба на рынку працы? Вядома, не», — заявіў у інтэрвію БелТА міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.

«Мы зараз прапрацоўваем прапановы аб увядзеньні платы за навучаньне па спэцыяльнасьцях юрыдычнага і эканамічнага профіляў з поўным пакрыцьцём выдаткаў на навучаньне», — дадаў ён.

«Поўнае пакрыцьцё» — гэта, па словах чыноўнікаў, да 17 млн. у год. Цяпер студэнты такіх факультэтаў плацяць да 12 млн. у год. Такім чынам, больш за $2 тыс. у год будуць плаціць тыя студэнты, што ня трапяць на бюджэт. Бо патрэбы ў многіх выпускніках у дзяржавы цяпер няма.

Але ёсьць патрэба ў тэхнічных спэцыялістах і мэдыках. Ім «дазволяць» плаціць столькі ж, колькі і цяпер: прыкладна $1.2 тыс. у год у залежнасьці ад унівэрсытэту.

«У Нямеччыне, напрыклад, падтрымліваюць тэхнічныя спэцыяльнасьці. Там цалкам на дзяржаўным забесьпячэньні студэнты тэхнічных спэцыяльнасьцяў. Мы прапануем пакінуць дзяржпадтрымку [цяперашні кошт навучаньня — Generation.bY] студэнтаў-платнікаў, якія навучаюцца па спэцыяльнасьцях, у якіх сёньня асабліва зацікаўленая краіна: прыродазнаўчых, тэхнічных, мэдыцынскіх».

Новаўвядзеньне закране да 70% усіх студэнтаў. Бо толькі прыкладна траціна з усіх навучэнцаў беларускіх ВНУ атрымлівае адукацыю за кошт дзяржавы.

Упершыню ідэю ўзьняць кошты на найбольш папулярныя спэцыяльнасьці агучыў віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік, які за апошні час здабыў славу дзякуючы сваім нечаканым прапановам.

«Для мяне не зусім зразумела, чаму ў прыватнай ВНУ рыхтуюць спэцыяліста за 7.5 млн. рублёў у год, а ў дзяржаўнай ВНУ на аналягічнай спэцыяльнасьці кошт падрыхтоўкі спэцыяліста дасягае 17 мільёнаў рублёў», — заявіў тады віцэ-прэм’ер.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.