Рэктар БДУ заклікаў «не перажываць» з-за адмовы Беларусі ў далучэньні да Балоньскага працэсу

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту заклікаў «моцна не перажываць» з-за таго, што Беларусь могуць ня ўзяць у Балоньскі працэс. І лічыць, што ў гэтым выпадку «нічога кардынальна ня зьменіцца».

Рашэньне, далучаць ці не Беларусь да Эўрапейскага прасторы вышэйшай адукацыі мусіць быць прынятае 26–27 красавіка на саміце міністраў адукацыі 47 краін — удзельніц Балоньскага працэсу.

Аднак за чатыры месяцы да сустрэчы працоўная група Балоньскага працэсу рэкамэндавала адмовіць Беларусі ў яе жаданьне далучыцца да прасторы, бо наша краіна не выконвае прынцыпы і каштоўнасьці прасторы.

«Што атрымаецца ў красавіку? Паглядзім. Як вырашаць — так вырашаць. Калі не прымуць, моцна перажываць ня варта. Працуем і вучымся далей, і ўсё нармальна», — заявіў Interfax.by рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

Паводле Абламейкі, калі Беларусь ня прымуць у працэс, вінаватая будзе палітыка.

«Вы ведаеце, што ў Балоньскі працэс уступалі ўсе краіны, і нікому не было адмоўлена. З адукацыйнага пункту гледжаньня ў нас няма ніякіх праблемаў. Калі б Беларусь падала дакумэнты, напрыклад, у 2009 годзе ці 2010-м, то ў нас не было б ніякіх цяжкасьцяў. Цяпер усё перамясьцілася ў палітычную плоскасьць, а гэта ўжо іншыя крытэры, законы», — лічыць кіраўнік БДУ.

«Перажываць з нагоды таго, што нас ня прымуць у лік дзяржаў-удзельніц Балоньскага працэсу, асабліва ня трэба. Мы і так супрацоўнічаем з эўрапейскімі ВНУ», — кажа Абламейка, якому нядаўна анулявалі шэнгескую візу з-за таго, што той выносіў загады аб палітычна матываваных рашэньнях аб адлічэньнях студэнтаў.

«Ня варта надаваць гэтаму вялікую ўвагу ні бацькам, ні студэнтам, ні абітурыентам. Я заўсёды казаў: ад таго, уступіць Беларусь у Балоньскі працэс альбо не, нічога кардынальна ня зьменіцца».

Нагадаем, тыдзень таму рэктар БДУ заявіў, што адным з галоўных стымулаў для замежных абітурыентаў пры выбары беларускіх унівэрсытэтаў ёсьць далучэньне Беларусі да Балоньскага працэсу.

«З дыплёмам БДУ ці іншых беларускіх ВНУ заўсёды можна знайсьці сабе працу ў любой краіне. Толькі б выпускнікі былі моцнымі. Будзе ў цябе моцнае рэзюмэ, ты ўладкуесься ўсюды» , — лічыць рэктар БДУ.

Беларусь застаецца адзінай і апошняй буйной краінай Эўропы, якая не зьяўляецца часткаю Балоньскага працэсу. Калі беларускую заяўку ўсё ж адхіляць, наша краіна атрымае шанец далучыцца да Балоньскай сыстэмы толькі ў 2014 ці 2015 годзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0667 seconds.