Рэктар БДУ паставіў подпіс за «БЕЛОРУСЬ»

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту падпісаў дамову зь японскім унівэрсытэтам аб абмене студэнтамі і агульным навуковым супрацоўніцтве. Сяргей Абламейка паставіў агулам чатыры подпісы ў двух копіях дакументаў непасрэдна пад словам Белорусь і не звярнуў увагу на недарэчнасьць.


Рэктарскі подпіс за «БЕЛОРУСЬ» у міжнародным пагадненьні зь японскім унівэрсытэтам

Пагадненьне аб навуковым абмене і супрацоўніцтве паміж Беларускім дзяржаўным унівэрсытэтам і Цукубскім унівэрсытэтам (University of Tsukuba, Японія) было падпісанае яшчэ месяц таму. Але толькі цяпер яго арыгінал трапіў у Сеціва.

Пагадненьне прадугледжвае абмен студэнтамі, выкладчыкамі і навуковымі супрацоўнікамі, а таксама арганізацыю сумесных навуковых дасьледаваньняў і канфэрэнцый. Верагодна, асноўны націск у супрацоўніцтве будзе зроблены на прыродазнаўчыя дысцыпліны: паралельна Абламейка дамовіўся аб сумеснай распрацоўцы лазэрных сыстэмаў, прызначаных для клінік, зь японскай кампаніяй Tokyo Instruments, Inc.

Але сапраўднасьць пагадненьня з ВНУ выклікае сумневы: у яго расейскамоўнай вэрсіі ўтрымліваецца памылка ў назьве краіны, ад якой, у тым ліку, паходзіць і назоў БДУ. Подпіс Сяргея Абламейка стаіць адразу пад недарэчным «РЕСПУБЛИКА БЕЛОРУСЬ».


Сяргей Абламейка ў ролі блогера

Абламейка ўжо нядаўна бываў у Японіі, дзе запісаў некалькі ролікаў для свайго знакамітага відэаблогу на сайце ўнівэрсытэту. Верагодна, цяпер, каб выправіць памылку, рэктару БДУ прыйдзецца зьлётаць у краіну ўзыходзячага сонца яшчэ раз.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.