Улады хочуць перанесьці канец навучальнага году і выселіць студэнтаў зь інтэрнатаў з-за чэмпіянату па хакеі

Улады Менска просяць скараціць 2013–2014 навучальны год ва ўнівэрсытэтах на два месяцы і перасунуць пачатак наступнага на жнівень з-за Чэмпіянату сьвету па хакеі. Акрамя гэтага Менгарвыканкам хоча дамагчыся высяленьня 11 тысячаў студэнтаў зь інтэрнатаў, частку якіх замест навучаньня ператвораць у абслугоўваючы пэрсанал для заязятараў, якіх заселяць у гэтыя самыя інтэрнаты.


Гэтыя інтэрнаты БДЭУ сталі ахвярамі падрыхтоўкі да чэмпіянату па хакеі. Фота суполкі Hostel BSEU

З-за недахопу ў Менску вольных месцаў у гатэлях і хостэлах для ўдзельнікаў Чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году са студэнцкіх інтэрнатаў прыйдзецца выселіць каля 11 тысячаў чалавек, вызваліўшы такім чынам 8 будынкаў, у тым ліку ў Студэнцкай вёсцы.

Чэмпіянат сьвету па хакеі мусіць адбыцца ў Менску ў траўні 2014 году. Па словах кіраўніка Ўпраўленьня бытавога і гасьцінічнага абслугоўваньня насельніцтва Менгарвыканкаму Андрэя Новікава, гэтыя тэрміны супадаюць з «даволі актыўнай фазай навучальнага працэсу»:

«Кажучы аб падрыхтоўцы да чэмпіянату сьвету па хакеі, ня варта аднабока зацыклівацца на павелічэньні месцаў у гатэлях. Гэта складаны комплекс праблемаў, які зьвязаны ў тым ліку і са зьмяненьнем навучальнага графіку», — заявіў спадар Новікаў у інтэрвію TUT.BY.

Паводле яго словаў, на навучальны 2013/14 год у некаторых ВНУ, інтэрнаты якіх выкарыстаюць дзеля засяленьня ўдзельнікаў чэмпіянату і турыстаў, можа быць зьмененыя навучальны графік. «Нічога звышнатуральнага тут няма», — лічыць Новікаў.

«Гэту праблему мы зараз сур’ёзна пазначаем перад Міністэрствам адукацыі. Рашэньне павінна быць прынятае да канца гэтага году, у скрайнім выпадку — у пачатку 2013», — сказаў чыноўнік.

Дакладнага мэханізму адсяленьня яшчэ няма. Зразумела адно: з 8 студінтэрантаў выселяць 11 тысячаў студэнтаў. Таму ў вясеньнім сэмэстры студэнтам прыйдзецца вучыцца ў два разы хутчэй:

«Могуць быць варыянты: гэта можа быць скарочаны сэмэстар, а наступны пачнецца, напрыклад, не з 1 верасьня, а з 1 жніўня».

Пры гэтым студэнтаў замест навучаньня могуць накіраваць на абслугоўваньне тых самых гасьцей, дзеля якіх іх прымусяць вучыцца хутчэй, а пасьля зьехаць зь інтэрнатаў. Новікаў абяцае студэнтам за такую працы «нейкія грошы».

Знайдзі пяць адрозьненьняў

У Паўночнай Карэі зачыняць унівэрсытэты дзеля юбілею «вечнага прэзыдэнта»

Улады Паўночнай Карэі вырашылі зачыніць усе ВНУ дзеля падрыхтоўкі да юбілею «вечнага прэзыдэнта» Кім Ір Сэна, які мусяць адсьвяткаваць праз год. Да гэтага часу ўсе студэнты краіны, акрамя выпускнікоў і замежнікаў, будуць працаваць у калгасах і на грандыёзных будоўлях.

БДУ і БДЭУ — першыя ахвяры чэмпіянату

Яшчэ нядаўна Андрэй Новікаў у інтэрвію АНТ сьцьвярджаў, што да чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску будуюць і рэканструююць 45 гатэляў. Цяпер гэта лічба зьменшылася да 33 гатэляў, зь якіх толькі 22 ўжо існуюць. З-за недахопу сродкаў на будаўніцтва ўлады, верагодна, і вырашылі зрабіць стаўку на інтэрнаты.

Ужо абвешчана аб закрыцьці чатырох інтэрнатаў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту. Усіх іх будуць рыхтаваць да чэмпіянату сьвету. Студэнты абураныя, але іх меркаваньня, як звычайна, ніхто не пытае. Таксама выселіць студэнтаў, а, значыць, скараціць працягласьць навучальнага году, верагодна прыйдзецца Беларускаму дзяржаўнаму пэдагагічнаму ўнівэрсытэту і Беларускаму дзяржаўнаму мэдыцынскаму ўнівэрсытэту.

А Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт адмыслова для чэмпіянату будуе новы інтэрнат у раёне мэтро «Барысаўскі тракт».

Між тым пэрспэктывы чэмпіянату застаюцца даволі цьмянымі. ЗША і некаторыя палітыкі ЭЗ заклікаюць перанесьці ЧС па хакеі зь Менску з-за палітычнай сытуацыі ў Беларусі. Міжнародная фэдэрацыя хакею ўжо заявіла, што магчымае рашэньне аб пераносе (прэцэдэнт ужо быў) можа быць прынятае ўвосень у Японіі. Таму можа адбыцца так, што навучальныя пляны зьменяць і перанос студэнцкіх сэмэстраў адбудзецца, але чэмпіянату ўлады так і не дачакаюцца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0686 seconds.