У Мазыры аблілі ртуцьцю «Мэрсэдэс» выкладчыцы ўнівэрсытэту
Нехта абліў небясьпечным мэталам «Мэрсэдэс» загадчыцы адной з катэдраў ВНУ. Прыбіраць машыну выкладчыцы прыйшлося ратавальнікам з МНС.
Учора ўдзень на спэцлінію мазырскага МНС паступіла даволі незвычайнае паведамленьне. Чалавек прадставіўся інжынэрам па ахове працы Мазырскага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Шамякіна.
Паводле ягоных словаў ля машыны на стаянцы ўнівэрсытэту на двух квадратных мэтрах была разьлітая ртуць. Як высьветлілася, яе вылілі на машыну загадчыцы адной з катэдраў ВНУ. Ртуць трапіла ў маторных адсек, на парогі аўтамабіля і на саму стаянку. Аб гэтым паведамляецца на сайце Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.
На месцы здарэньня хутка зьявіліся ратавальнікі. Яны экстрана ачапілі «Мэрсэдэс» і пачалі зьбіраць ртуць. Атрымалася каля 25 грамаў небясьпечнага цяжкога мэталу.
Ніхто, на шчасьце, не пацярпеў. А замеры паказалі — узровень канцэнтрацыі ртуці ў аўтамабілі не перавышае нормы. Вінаватых высьвятляе міліцыя.
У Мазыры даволі часта на вуліцах альбо на палігонах вакол гораду знаходзяць ртуць. Напрыклад, за 2009 год супрацоўнікаў МНС амаль паўтары тысячы разоў выклікалі прыбіраць разьлітую ртуць. Але з такіх незвычайных месцаў ратавальнікам даставаць гэты цяжкі мэтал яшчэ не даводзілася.