Рэктар Берасьцейскага ўнівэрсытэту замест кампэнсацыі паабяцаў студэнтам інтэрнаты

Рэктар Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Мечыслаў Часноўскі апошнім часам адчувае вялікі прэсінг з боку студэнтаў: нядаўна пасьля чарговага падвышэньня коштаў на адукацыю яго змусілі зьменшыць расцэнкі адразу на мільён, каб троху залагодзіць разьюшаных студэнтаў. Цяпер праз тысячу подпісаў, сабраных навучэнцамі ўнівэрсытэту, рэктар быў вымушаны паабяцаць хуткае вырашэньне жыльлёвай праблемы.

За зіму студэнты Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту пры падтрымцы моладзевай ініцыятывы «Аазіс» і агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця «Дзедзіч» сабралі тысячу подпісаў за тое, каб кампэнсацыю на найманьне жытла для іншагародніх студэнтаў падвысілі з 75 да 300 тысячаў, паведамляе Радыё Свабода.

Студэнты накіравалі гэтыя подпісы гарадзкім уладам, але чыноўнікі пераслалі зварот у Берасьцейскі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Паводле студэнтаў, з-за бюракратычных перашкодаў атрымаць нават такую невялікую суму фактычна нерэальна. Пытаньне аб вылучэньні кампэнсацыі вырашае ўнівэрсытэцкая камісія, у якую кожны здымаючы кватэру навучэнец мусіць прынесьці цэлы ворах папер. Пры гэтым трэба даказаць, што сярэдні прыбытак усіх членаў сям’і не перавышае 1.15 мільёны ў месяц. Да таго ж, кватэру, за якую студэнт зьбіраецца атрымліваць кампэнсацыю, трэба здымаць афіцыйна.

Па ўсёй Беларусі гэту кампэнсацыю атрымліваюць адзінкі. За месяц дзеяньня новых правілаў па суму 105 тысячаў рублёў у месяц (у Менску яна троху вышэйшая, чым у рэгіёнах) у БДУ зьвярнулася толькі адна студэнтка, а Баранавічах — тры.

Але з 1 красавіка кампэнсацыя за здымнае жытло верагодна і так вырасьце да 300 тысячаў рублёў у сталіцы і 200 тысячаў у рэгіёнах.

Рэктар: замест кампэнсацыі — новы студінтэрнат


Гэтымі інтэрнатамі рэктар БрДУ спрабуе вырашыць жыльлёвае пытаньне студэнтаў. Фота БелТА

Рэктар Мечыслаў Часноўскі наконт магчымасьцяў падвысіць кампэнсацыю не адказаў, але паабяцаў, што «пасьля завяршэньня капітальнага рамонту інтэрнату № 1 з пачатку 2012/2013 навучальнага году сытуацыя з прадстаўленьнем жыльля іншагароднім студэнтам нашмат палепшыцца». Акрамя гэтага, рэктар паведаміў, што да канца году будзе дабудаваная другая чарга інтэрнату № 4 на 352 месцы.

Актывіст студэнцкага руху Сяржук Кавалько кажа, што калі гэтыя абяцаньні спраўдзяцца, «то студэнты, у прынцыпе, будуць задаволеныя. Абы вырашылася гэтае жыльлёвае пытаньне. Бо наймаць кватэру або пакой іншагароднім студэнтам у Берасьці вельмі дорага».

У 2011/2012 навучальным годзе БрДУ здолела забясьпечыць месцамі толькі 50% студэнтаў.

Нядаўна берасьцейскія студэнты сталі героямі навінных стужак, калі здолелі дамагчыся зьменаў коштаў аплаты ў сваім унівэрсытэце на цэлы мільён рублёў. Адміністрацыя перагледзіла сваё рашэньне пасьля хвалі абурэньняў з боку студэнтаў і публікацыяў у мэдыях.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0674 seconds.