Мэр Менску прапанаваў студэнтам зарабіць сабе на праезд у будатрадах БРСМ

У час сваёй прамовы на сустрэчы ў офісе менскага мэтро мэр Менску Мікалай Ладуцька чарговы раз нагадаў, што студэнтам і школьнікам на летні пэрыяд адменяць ільготны праезд у грамадзкім транспарце.

«Гэта лягічна, калі ў летні пэрыяд студэнт будзе самастойна аплачваць свае перасоўваньні па горадзе. Школьнікі летам часьцей за ўсё знаходзяцца дома альбо на аздараўленьні за горадам», — патлумачыў мэр нагоду для адмовы навучэнцам у праве на бясплатны праезд.

Зарабіць на праезд Ладуцька прапанаваў у будаўнічых атрадах, якія звычайна арганізуе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі:

«Улетку беларускія студэнты вельмі актыўныя. Многія студэнты працуюць, уступаюць у студэнцкія атрады, за што, вядома ж, будуць атрымліваць заработную плату».

Паводле папярэдніх заяваў кіраўніцтва мэтрапалітэну, да траціны ўсіх пасажыраў у мэтро езьдзяць бясплатна. Збольшага гэта студэнты. Напрыклад, на станцыі «Барысаўскі тракт» 40% пасажыраў — студэнты. Таму чыноўнікі вырашылі залатаць дзіркі ў гарадзкім бюджэце шляхам адмены льготаў ужо з 1 чэрвеня.

Зрэшты, пакуль застаецца няясным, ці вернуць бясплатны праезд для студэнтаў з пачаткам новага навучальнага году ў верасьні. Раней мэр заяўляў, што Менгарвыканкам думае над гэтым пытаньнем.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0671 seconds.