За паўгады зь беларускіх унівэрсытэтаў ужо адлічылі 10 тысячаў студэнтаў

Сёлетнія тэмпы адлічэньняў з ВНУ хутчэйшыя за мінулагоднія: за поўны 2010–2011 навучальны год з унівэрсытэтаў сышлі 15 тысячаў студэнтаў, а за палову гэтага году — 10 тысячаў. Адукацыйныя чыноўнікі наракаюць на непасьпяховасьць студэнтаў, хаця ў некаторых унівэрсытэтах траціна студэнтаў сыходзіць па сваім жаданьні.

У гэтым навучальным годзе зь беларускіх унівэрсытэтаў адлічаныя ўжо 10 тысячаў студэнтаў. Аб гэтым у эфіры АНТ заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч. Паводле словаў міністра, іх ужо чакаюць у сярэдне спэцыяльных навучальных установах.

Галоўная прычына адлічэньняў, як лічаць чыноўнікі, — нізкі ўзровень ведаў першакурсьнікаў. Змагацца з гэтым прапануецца ўвядзеньнем больш жорсткіх правілаў залічэньня ў ВНУ (нядаўна стала вядома, што большасьць прапановаў Мінадукацыі ў гэтым накірунку правалілася).

«У нас цяпер няма неабходнасьці ствараць асабліва прывабныя ўмовы для паступлення ў ВНУ», — заявіў з нагоды спробы Мінадукацыі вылічыць мінімальны прахадны бал па ЦТ для паступленьня ва ўнівэрсытэты Маскевіч.

Вучацца дрэнна, але сыходзяць па сваім жаданьні

Цяперашнія тэмпы адлічэньняў — вышэйшыя за мінулагоднія. За ўвесь мінулы навучальны год студэнтамі перасталі быць 15 тысячаў чалавек. Каля паловы адлічаюць за дрэнныя адзнакі на іспытах. А вось болей за 30% сыходзіць па ўласным жаданьні. У гэтым сэнсе паказальны прыклад БДУІР.

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі толькі зь дзённага аддзяленьня за паўгода адлічылі 260 студэнтаў. Палова зь іх — за непасьпяховасьць, піша Эўрарадыё.

«Траціна — сышлі па сваім жаданьні, 13% — перавяліся, і 1% — парушылі дысцыпліну. Сюды яшчэ ўвайшлі студэнты, якія зь лета не даздалі сэсію», — гавораць у БДУІР.

Нядаўна беларускія ўнівэрсытэты чарговы раз моцна ўзьнялі кошты на адукацыю. У тым жа БДУІР на некаторых факультэтах навучаньне каштуе болей за 9 мільёнаў рублёў. Застаецца няясным, ці хапала ў 85 адлічаных па сваім жаданьні студэнтаў грошай на навучаньне. Але фінансавую падкладку ва ўнівэрсытэтах адкідаюць:

«Празь недахоп грошай на навучаньне ніхто не адлічваецца», — кажа прарэктар па вучэбнай працы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту Георгій Вяршына. З БНТУ цягам сёлетняй сэсіі вылецяць да двух соцень студэнтаў.

У БДУ двоешнікаў меней — каля 185 чалавек, паведамляе interfax.by. Колькі ж чалавек вырашылі сысьці па ўласным жаданьні, ва ўнівэрсытэце ня кажуць.

Зрэшты, 10 тысячаў чалавек ня так шмат, калі ўлічыць, што ў краіне на пачатку навучальнага году было 445 тысячаў студэнтаў. Значыць, ахвярамі загадаў аб адлічэньні сталі пакуль 2.2% беларускіх студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.