У новай Windows упершыню зьявіцца падтрымка беларускай мовы

Карпарацыя Microsoft абвясьціла аб тым, што яе новая апэрацыйная сыстэма Windows 8 будзе падтрымліваць беларускую мову. Усе папярэднія вэрсіі гэтай сыстэмы не былі даступныя па-беларуску.

У афіцыйным блогу распрацоўшчыкаў Microsoft зьявілася паведамленьне аб тым, што новая вэрсія Windows будзе падтрымліваць шэраг новых моваў краінаў, якія разьвіваюцца. У лік гэтых 14 новых трапіла і беларуская мова.


Так выглядае новая моўная панэль Windows зь беларускай мовай

Беларуская ўпершыню ўвойдзе ў лік моваў, якія падтрымліваюцца гэтай найбольш распаўсюджанай у сьвеце апэрацыйнай сыстэмай. Такім чынам, агульная колькасьць даступных моваў у інтэрфэйсе Windows дасягне 109.

Мэнэджэр міжнароднай групы распрацоўшчыкаў Windows Ян Гамільтан патлумачыў, што новыя лінгвістычная магчымасьці створаныя з разьлікам на рынкі, якія разьвіваюцца:

«Зь Windows 8 мы зьмянілі наша ўяўленьне аб мовах з „прыстасаваньня для лякальнага рынку“ на „прыстасаваньне для кожнага і паўсюль“. І мы зрабілі прыярытэтам для вас працаваць зь любой мовай зь любога кампутара з Windows 8», — піша Гамільтан.

Акрамя беларускай, распрацоўшчыкі дададуць у Windows падтрымку таджыкскай, уйгурскай, шатляндзкай, гэльскай, мовы індзейцаў чэрокі, мовы Валенсіі і іншых моваў народаў, якія, пераважна, ня маюць дзяржаўнасьці.

Акрамя гэтага, зьменіцца выгляд і магчымасьці моўнай панэлі Windows. Яна стане асабліва зручнай для сем’яў і арганізацый, дзе кампутарамі карыстаюцца некалькі юзэраў, што размаўляюць на розных мовах. Да кожнага профіля цяпер можна будзе прывязаць пэўную мову.

Да прыкладу, калі ў кампаніі адзін з супрацоўнікаў, што карыстаецца кампутарам, звычайна працуе з расейскай, а іншы супрацоўнік — беларускай, то цяпер у іх ня будзе канфліктаў з-за пастаяннага пераключэньня раскладак і моваў інтэрфэйсу сыстэмы. Да кожнага профіля карыстальніка будзе прывязаная асообная мова.

Анонс новай спажывецкай вэрсіі Windows прызначаны на 29 лютага.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.