Менску няма ў сьпісе лепшых студэнцкіх гарадоў сьвету

Агенцыя QS, вядомая сваімі рэйтынгамі лепшых унівэрсытэтаў сьвету, стварыла сьпіс 50 лепшых вялікіх гарадоў для студэнтаў. Лепшымі названыя Парыж, Лёндан і Бостан. А вось сталіца Беларусі ў рэйтынг ня трапіла.


Менску ў сьпісе лепшых студэнцкіх гарадоў няма. Фота Юлія Сакалоўская

Рэйтынг QS Best Student Cities улучае 50 гарадоў сьвету, якія можна назваць лепшымі для навучаньня і жыцьця студэнтаў. Пры яго стварэньні арганізатары вывучалі такія фактары, як наяўнасьць у горадзе сусьветна прызнаных унівэрсытэтаў, кошт жыцьця і магчымасьць знайсьці працу, колькасьць студэнтаў і, вядома, інфаструктура для навучаньня.

Раней QS абвясьціла свой чарговы рэйтынг 700 лепшых унівэрсытэтаў сьвету, куды ў шостую сотню ўпершыню трапіла ВНУ зь Беларусі — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт.

Пакуль БДУ — адзіны беларускі ўнівэрсытэт у сьпісе QS. Таму Менск не разглядаўся складальнікамі рэйтынгу лепшых студэнцкіх гарадоў у якасьці канкурэнту іншым гарадам — для гэтага неабходна наяўнасьць хаця б яшчэ аднаго менскага ўнівэрсытэту ў топе QS.

Акрамя гэтага, дасьледчыкі ўлучылі ў рэйтынг лепшых студэнцкіх месцаў толькі гарады, дзе жыве болей за 250 тысячаў чалавек.

Лепшыя — Парыж, Лёндан і Бостан

Гэтак Парыж зь яго 16 сусьветна прызнанымі ўнівэрсытэтамі названы лепшым горадам для студэнтаў. Дасьледчыкі адзначаюць вялікі выбар адукацыйных інстытуцый у ім, высокі ўзровень жыцьця і, канешне ж, неверагодную канцэнтрацыю культурных артэфактаў.

Таксама ў ТОПе лепшых — Лёндан і Бостан. Гэта гарады, дзе сканцэнтраваныя навуковыя магутнасьці сьвету. Вядома, Лёндан — месца дарагое, затое там ёсьць Брытанская бібліятэка. Што да Бостана, то назвы «Гарвард» і МІТ кажуць самі за сябе.

Калі ж азначаныя гарады не па кішэні, на навучаньне можна адправіцца ў Пэкін (28 месца і шмат прапановаў для студэнтаў зь Беларусі), ці, калі ўжо зусім ня склалася з Эўропай, у Маскву (37 месца). Іншыя адносна недалёкія ад Беларусі лепшыя студгарады сьвету — Хэльсынкі і Стакгольм — занялі адпаведна 33 і 27 месцы адпаведна.

ТОП-10 лепшых студэнцкіх гарадоў сьвету

  1. Парыж (Францыя)
  2. Лёндан (Вялікабрытанія)
  3. Бостан (ЗША)
  4. Мэльбурн (Аўстралія)
  5. Вена (Аўстрыя)
  6. Сіднэй (Аўстралія)
  7. Цюрых (Швэйцарыя)
  8. Бэрлін (Германія) = Дублін (Ірляндыя)
  9. Манрэаль (Канада)
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.