Палова парушальнікаў правілаў у беларускіх інтэрнатах — замежныя студэнты

У мінулым годзе за парушэньне правілаў пражываньня 36 студэнтаў БДУ страцілі месца ў інтэрнаце, а яшчэ 100 атрымалі вымову. Часьцей за ўсё студэнтаў штрафуюць за алькаголь і цыгарэты.


Для замежных студэнтаў у беларускіх інтэрнатах нават правілы сталі на кітайскую мову перакладаць.

У беларускіх інтэрнатах багата чаго рабіць нельга. У тым жа БДУ выселіць могуць нават за бясшкодны электрычны імбрык у пакоі, ці за котку альбо папугайчыка. Пазбавяць пакою за «няправільныя» плякаты, аб’явы і календары на сьценах, ці за надта гучную музыку. Без дазволу нельга пакідаць староньніх пасьля 23:00.

За парушэньне правілаў могуць вынесьці вымову, а могуць і выселіць. Апошняе здараецца ня так часта, прыкладна ў чвэрці выпадкаў студэнты БДУ пакідаюць інтэрнат назаўжды.

Прычым палова ўсіх парушальнікаў — замежнікі зь першых і падрыхтоўчых курсаў. Па словах дырэктара студэнцкага гарадку БДУ Міхаіла Чарапеньнікава, адміністрацыя, каб лепш патлумачыць сытуацыю, паспрабавала нават перакласьці правілы пражываньня ў інтэрнатах на замежныя мовы. Праўда, вынік экспэрымэнту яшчэ не зразумелы:

«У гэтым навучальным годзе мы нават правілы пражываньня пераклалі для іх на кітайскую, туркмэнскую, віетнамскую, ангельскую і францускую мовы, — кажа дырэктар студэнцкага гарадку. — Магчыма, так яны лепш зразумеюць, што можна ў інтэрнаце, а што — не».

Кітайская і туркмэнская зьявіліся ў інтэрнатах з-за таго, што большасьць іх замежных насельнікаў — як раз з Кітаю і Туркмэністану. Прычым засяляюць замежнікаў у першую чаргу, тлумачачы такі клопат цяжкасьцямі, якія могуць напаткаць замежных студэнтаў у пошуку кватэры ў незнаёмым горадзе. Вось і атрымліваецца, што большасьць парушальнікаў з гэтых краінаў — першакурсьнікі.

У інтэрнатах БДУ нават ёсьць адмысловы «апэратыўны атрад», у які ўваходзяць усё тыя ж студэнты, піша «Рэспубліка».

«За 2011 год у нас было 138 студэнтаў-парушальнікаў, 36 зь іх засталіся без інтэрнату. У асноўным гэта студэнты другога, трэцяга курсаў. Трапляюцца і тыя, хто спрабуе нелегальна правесьці таварыша ў інтэрнат. Прычым ня праз уваходныя дзьверы, а, напрыклад, праз балкон», — распавядае кіраўнік студгарадку.

У іншых унівэрах зь інтэрнатаў высяляюць за парушэньні ня так часта. Гэтак, у БДПУ імя М. Танка ў 2010 годзе месца ў інтэрнаце пазбавіліся 4 студэнты-парушальнікі, у 2011 годзе — 2. У БДУІР у мінулым годзе месца ў пакоі страціў толькі адзін туркмэн. А вось у БрДТУ у тым жа годзе такіх «шчасьліўчыкаў» аказалася 22.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0572 seconds.