Падсяліць студэнтаў ВНУ да ПТВэшнікаў прапанаваў старшыня КДК

Старшыня дзяржкантролю Аляксандр Якабсон прапанаваў засяліць у пустыя пакоі ў інтэрнатах ПТВ студэнтаў унівэрсытэтаў. Паводле ягоных словаў, у такіх будынках дастаткова вольных месцаў, асабліва калі пазбавіцца ад «чужых грамадзян».

Прыкладна траціна беларускіх студэнтаў дзённага вымушаная здымаць кватэры, бо ім не хапіла месцаў у студінтэрнатах. А ў некаторых менскіх унівэрсытэтах такая праблема стаіць перад большай паловай навучэнцаў.


Шосты інтэрнат Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага унівэрсытэта

Пасьля паглыбленьня ў праблему, Камітэт дзяржкантролю нечакана выдаў арыгінальнае рашэньне: падсяліць да ПТВэшнікаў студэнтаў ВНУ.

Паводле КДК, цяпер у інтэрнатах ПТВ жыве вялізная доля «чужых людзей». Да прыкладу, амаль палова ўсіх месцаў у інтэрнатах ПТВ Віцебскай вобласьці занятыя «іншымі грамадзянамі». А каля 700 коек — траціна месцаў — зусім пустуюць, піша БелТА.

Такая сытуацыя, паводле старшыні КДК Аляксандра Якабсона, характэрная для кожнай вобласьці Беларусі.

«І гэта ва ўмовах, калі існуе праблема забесьпячэньня студэнтаў ВНУ інтэрнатамі», — кажа Якабсон. На яго думку, нястача месцаў ва ўнівэрсытэцкіх інтэрнатах магла б быць пераадоленая з выкарыстаньнем пустых месцаў у інтэрнатах ПТВ. «Мы жывем, працуем у адной сыстэме, аднак ніхто не аналізаваў гэтую праблему, якую трэба вырашаць», — сказаў Якабсон.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0736 seconds.