Мэханізм рэвалюцый праз сацыяльныя сеткі выкрылі навукоўцы

Міжнародная група дасьледчыкаў раскрыла некаторыя мэханізмы далучэньня карыстальнікаў сацыяльных сетак да масавых пратэстаў.

Адкуль бяруцца беларускія «маўклівыя акцыі» і радыкальныя коркі ў цэнтры Менску «Стоп-бэнзін»? Пытаньне элемэнтарнае, калі ты сам — удзельнік гэтых «бэнзінаў» і «рэвалюцый у сацыяльных сетках». Хаця б віртуальна. А тым часам такіх людзей па ўсім сьвеце становіцца болей і болей: ад Сан-Францызскага «Акупуй Уол-Стрыт» да маскоўкай Балотнай плошчы, па ўсім сьвеце квітнее ідэя імклівых акцый пратэсту, арганізаваных празь Інтэрнэт. Найперш, сацыяльныя сеткі.

Зьява на колькі дзіўная і ўжо рэальная, на столькі ж малавывучаная. Яшчэ не адышоўшы ад шоку Арабскай вясны (якая сама яшчэ не падышла да завяршэньня — жарсьці віруюць у Сірыі, Емэне, пэрыядычна нагадвае аб сваім існаваньні моладзь з каірскай плошчы Тахрыр), эўрапейцы задумаліся над прычынамі ўзьнікненьня такіх акцый і зьвярнуліся да вывучэньня сацыяльных сетак. Пакуль што, на прыкладзе цывілізаваных цьвітаў гішпанскіх сеціўных рэвалюцыянэраў, што ўвесну 2011-га паспрабавалі памяняць парадак на Пірэнейскай паўвысьпе з дапамогай тэгу #spanishrevolution.

Тады тысячы маладых людзей напярэдадні парлямэнцкіх выбараў некалькі тыдняў пражылі ў намётах на цэнтральнай Плошчы гішпанскай сталіцы, а таксама на плошчах некалькіх дзесяткаў гарадоў краіны. Часта без дазволу паліцыі, каардынуючы свае дзеяньні ў асноўным празь Інтэрнэт. Рух дагэтуль актыўны, а яго прыклад шмат у чым натхніў сусьветны рух «Акупіруй Уол-стрыт».

Пратэст распачаўся дзякуючы актыўнасьці невялікай групы маладых людзей у сацыяльных сетках. Менавіта іх дзейнасьць, а таксама яе наступствы, аказаліся пад прыцэлам міжнароднай групы навукоўцаў пад кіраўніцтвам доктара Сандры Гансалес-Байлон зь Інстытуту інтэрнэту пры Оксфардзкім ўнівэрсытэце.

87 569 віртуальных пратэстоўцаў і сотні тысячаў цьвітаў

Навукоўцы прааналізавалі актыўнасьць 87 569 карыстальнікаў Твітэру, якія разаслалі 581 750 пратэстных паведамленьняў (індэксаваныя на аснове сьпісу з 70 пратэстных тэгаў) за 35 дзён «гішпанскай вясны». Вынікі апублікаваныя ў часопісе Nature.

Высьветлілася, што большасьць карыстальнікаў Твітэру, якія хоць нешта пісалі пра пратэсты, далучыліся да гішпанскага аналягу #pizdecby толькі пасьля таго, як большасьць іх віртуальных сяброў зрабілі тое ж самае. То бок да сеціўнага (і толькі сеціўнага — пра большае дасьледчыкі размовы не вядуць) пратэсту юзэры больш ахвотна далучаліся, калі інтэнсіўнасьць пратэстных паведамленьняў у іх фрэндленце дасягала 50%.

Пры гэтым колькасьць такіх непрыемных для ўладаў цьвітаў (хаця Твітэр у Гішпаніі так ніхто і не перакрыў) расла найбольш у тыя моманты, калі онлан-пратэст выліваўся на вуліцы. Прычым колькасьць адпаведных паведамленьняў у фрэнд-стужцы ўжо станавілася неістотнай: за пратэстам людзі пачалі сачыць празь СМІ.


На гэтым графіку бачная сувязь паміж істотнымі падзеямі ў час пратэстаў і колькасьцю юзэраў, якія далучыліся да прастэстаў онлайн праз Твітэр

Завадатары — свае людзі

А хто ж распачаў гэты онлайн пратэст? Навукоўцы кажуць, што першыя пратэстныя паведамленьні сыходзілі з вузкага колу «сваіх» людзей — карыстальнікаў, добра знаёмых паміж сабой, верагодна, і па-за Інтэрнэтам.

Такім чынам, лякаматыў пратэстаў — супольнасьці даволі жывых людзей, якія маюць агульную мэту (у беларусаў з суполькі Рэвалюцыя праз сацыяльную сеткі і гішпанцаў яна была аднолькавая — памяняць дзяржаўны лад).

І, нарэшце, посьпех онлайн-пратэстаў (і далейшае захаваньне прастэстных настрояў) маглі мець месца толькі ў тых выпадках, калі незадаволенасьць набывала фізычныя абрысы і рэальныя людзі зьяўляліся на рэальных плошчах.


На гэтым складаным графіку бачна, як зьмяняецца доля пратэстуючых (вэртыкальная вось) у залежнасьці ад значэньня парогу, які фіксуе момант далучэньня да пратэсту. Значэньне вызначалася проста: у момант, калі юзэр адсылаў першае паведамленьне з пратэстным тэгам, сярод усіх яго суседзяў па Twitter падлічвалася доля тых, хто таксама адсылае такія паведамленьні (напрыклад, калі такіх «актывістаў» было 30 з 100, значэньне парогу складала прыкладна 0.3 ). Пік у 0.5 - большасьць юзэраў выйшла на пратэстнае поле

Чаму менавіта «Твітэр-рэвалюцыя»?

Дасьледчыкі таксама распавялі, чаму менавіта Твітэр стаў такім эфэктыўным інструмэнтам у распаўсюджваньні пратэстных настрояў. У гэтай сацыяльнай сетцы ўсё перамешана: нашы прыватныя кантакты і акаўнты верагодных актывістаў, якія могуць быць часткай той самай малой, але эфэктыўнай сетцы, якая зьбіраецца ўзьняць хвалю пратэсту. Іх эфэктыўнае спалучэньне і вядзе да росту прастэтоўцаў у Інтэрнэце.

Такім чынам, навукоўцы троху разьвянчалі міт аб дзіўнай магіі Твітэру ў справе арганізацыі онлайн-пратэстаў. Уся справа ў вуліцы: малыя гарызантальна арганізаваныя групы здольныя распачаць пратэст у Сеціве, але крытычна істотна, каб урэшце рэшт ён выліўся на вуліцы. Тады да руху дакладана далучацца ў сотні разоў болей людзей.

5 «парадаў» для сеціўных рэвалюцыянэраў ад міжнароднай групы навукоўцаў

Калі вы зьбіраецеся арганізаваць рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі, то акрамя гатоўнасьці адседзець троху гадоў за кратамі ў выпадку няўдачы (і «няўдалага» грамадзянства), вам варта:

  • Cабраць дастаткова актыўную гарызантальную групу карыстальнікаў, якая б здолела ахапіць як мага болей «звычайных» карыстальнікаў Сеціва;
  • Быць здольным распаўсюджваць такія паведамленьні пад адпаведнымі хэш-тэгамі, якія б у пэўны момант захапілі палову фрэнд-стужкі «звычайных» карыстальнікаў;
  • Прызначыць дзень пераўтварэньня онлайн-пратэсту ў рэальны;
  • Забясьпечыць у дзень Х дастатковую мэдыя-падтрымку, каб онлайн-пратэст выбухнуў з вашым тэгам з дапамогай мэдыяактыўнасьці;
  • Мець плян «B»: калі паліцыя вырашыць спыніць ваш цудоўны пратэст, Твітэр выбухне наноў, але ненадоўга: хутка вас чакае падзеньне цікаўнасьці да пратэсту.

Што да гішпанцаў, то іх пратэст хоць і выліўся на вуліцы: у заплянаваны дзень,15 траўня, тысячы маладых людзей выйшлі на Плошчу ў Мадрыдзе і вырашылі застацца там, пакуль іх патрабаваньні ня будуць выкананыя — але ж перамогі пратэстоўцы не дамагліся. За некалькі дзён да выбараў іх стаяньне на плошчах паставілі па-за закону, а пасьля на выбарах увогуле перамагла адна з двух традыцыйных партый. Неўзабаве маладыя людзі разышліся па дамах, а сыстэма засталася непахіснай.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.