У БДУІР вынайшлі «нос» для касьмічных караблёў
У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі прыдумалі прыбор, які можна выкарыстоўваць на касьмічных караблях для прадухіленьня аварый. Пабудаваны на катэдры мікра- і нанаэлектронікі, «касьмічны нос» здольны на нюх папярэдзіць аб катастрофе, а таксама паставіць дыягназ ці вызначыць падробныя лекі.
Беларуская касьмічная тэхналёгія нанасэнсара альбо электроннага носу дазваляе прадухіляць аварыі на касьмічных караблях і падводных лодках. І прыборам ужо зацікавіліся космабудаўнікі.
«Нанасэнсары — важны складнік сыстэм бясьпекі на касьмічных апаратах альбо падводных лодках», — распавёў БелТА Генадзь Гарох, які кіруе катэдрай мікра- і нанаэлектронікі ў БДУІР. Прылада здольная папярэдзіць аб хуткай непаладцы, учуўшы, напрыклад, пах перагрэўшагася дроту.
Электронны нос з БДУІР улоўлівае нават самыя лёгкія пахі і здольны канцэнтраваць іх. Болей за тое, беларуская касьмічная распрацоўка пераўзыходзіць замежныя аналягі: яна больш адчувальная і яшчэ болей адпавядае вызначэньню «нана». Нос пры бліжэйшым аглядзе аказваецца невялікім і лёгкім чыпам. Ды і кошт яго ў дзесяць разоў меншы за варожыя распрацоўкі.
Гэта фота ня мае нічога агульнага з касьмічным носам з БДУІР
Акрамя гэтага, нанасэнсары можна выкарыстоўваць і на Зямлі: у мэдыцыне, напрыклад, для дыягностыкі некаторых захворваньняў па складзе выдыханага чалавекам паветра. «Электронны нос» дазваляе таксама вызначыць падробленыя лекі, парфум.
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі з савецкіх часоў зьяўляецца правераным пастаўшчыком касьмічнай апаратуры.