Плата за студінтэрнаты вырасьце ў 3 разы
З красавіка за інтэрнат прыйдзецца аддаваць ад 100 да 300 тысячаў рублёў у месяц. Два месяцы таму плату ў некаторых інтэрнатах ўжо ўзьнялі у 6 разоў.
Штомесячная плата за інтэрнат узрасьце ў амаль тры разы разам з падвышэньнем базавай велічыні. Ад гэтай адзінкі залежаць расцэнкі на прыжываньне студэнтаў. А з красавіка 2012 году яе ўздымуць з 35 да 100 тысячаў рублёў.
У выніку некаторым студэнтам большую частку стыпэндыі прыйдзецца аддаваць за аплату жыльля ў інтэрнаце. Гэтак, пры мінімальнай студзеньскай стыпэндый у 376 тысячаў, ложак у студэнцкім інтэрнаце першай (найлепшай) катэгорыі абыдзецца ў 300 тысячаў рублёў. За самы горшы інтэрнат са студэнтаў возьмуць 100 тысячаў замест ранейшых 35 тысячаў.
Плату за інтэрнаты ўздымалі апошні раз толькі два месяцы таму. У лістападзе высьветлілася, што за «добрыя» інтэрнаты плаціць прыйдзецца прыкладна ў шэсьць разоў болей, чым дагэтуль. У выніку красавіцкага падвышэньня розьніца паміж платай за найлепшы і найгоршы па дзяржаўных стандартах пакой складзе 200 тысячаў.
Яшчэ ў верасьні 2011 усе студэнты плацілі аднолькавыя грошы за інтэрнат — 15.7 тысячаў.
За што яшчэ прыйдзецца плаціць болей з красавіка?
Разам са базавай велічынёй вырастуць штрафы, а таксама тарыфы на абслугоўваньне ў дзяржаўных арганізацыях (напрыклад, у пашпартных сталах, канторах натарыюсаў). Вось некаторыя сумы, што цяпер будуць выглядаць болей пагрозьліва:
- Штраф за ўжываньне піва ў грамадзкіх месцах — да 1 500 000;
- Штраф за адмову закрыць доступ карыстальнікаў да забароненых сайтаў — да 3 000 000.