ЭЗ дасьць яшчэ грошай на адукацыю беларускіх студэнтаў
Дадатковыя сродкі на адукацыю беларусаў Эўразьвяз вылучыць з амаль 20 мільёнаў эўра, якія ўжо адправілі на падтрымку грамадзянскай супольнасьці. Аднак грошы застануцца ў Эўропе — навучаць маладых беларусаў за эўрапейскія грошы будуць за мяжой.
Кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага саюзу ў Беларусі Майра Мора
Як заявіла кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага саюзу ў Беларусі Майра Мора, цяперашнія праекты паміж Беларусьсю і ЭЗ ацэньваюцца больш чым у 50 млн. эўра. Зь іх 19.3 млн. ужо вылучаныя на падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі, перадае БелаПАН.
Гэтыя грошы, па словах спадарыні Моры, пойдуць «у тым ліку на выдзяленьне беларускім студэнтам стыпэндый пры праходжаньні навучаньні ва ўнівэрсытэтах Эўрасаюзу, фінансаваньне Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэту, які працуе ў Вільні».
Эўрачыноўніца не ўдакладніла, на якія канкрэтныя адукацыйныя праграмы, акрамя ЭГУ, пойдзе названая сума. Верагодна, адной з магчымых схем фінансаваньня можа быць працяг праграмы «Адкрытая Эўропа», на якую Эўрапейская камісія ўжо вылучыла 3.6 мільёны эўра. Гэтыя грошы пойдуць на фінансаваньне навучаньня беларускіх студэнтаў у бакаляўрыяце і магістратуры любога ўнівэрсытэту ЭЗ.
Акрамя гэтага, Эўразьвяз прафінансуе дапамогу беларускім праваабаронцам і рэпрэсаваным, працу экалягічных арганізацый.