У нас «Ё Цэсьлер» зь лепшымі творамі ў глянцавым альбоме

«Пабачыў сьвет ці не самы прадстаўнічы альбом мэтра айчыннага поп-арту і поп-сац-арту, чалавека, які першы ўвагнаў у колер Штырліца і савецкія танкі — Уладзімір Цэсьлер на 100 глянцаваных старонках», — анансавала кнігарня «логвінаЎ» , дзе 15 сьнежня мастак правёў аўтограф-сэсію з нагоды выхаду альбому «Ё Цэсьлер/Your Tsesler».

Уладзімір Цэсьлер

На 100 старонках зьмешчаныя выявы вядомых твораў мастака. Прадмовай да выданьня выступіла інтэрвію з Цэсьлерам «Я — антыглямурны чалавек…», падрыхтаванае Вольгай Каваленка. Аўтарка піша:

«Уладзімір Цэсьлер і Сяргей Войчанка стварылі ўнікальную міталагічную энцыкляпэдыю сучаснае айчыннае рэальнасьці, увасобіўшы яе ў плякатах, аб’ектах, жывапісных карцінах, фірмовых лягатыпах і ўпакоўках для музычных кампакт-дыскаў. […] Прынцып сынтэзу, злучэньня незлучальнага пакладзены ў аснову ня толькі жывапісных, але і практычна ўсіх твораў мастака. Фактычна гэты прынцып вызначае самую сутнасьць творчага стылю Цэсьлера».

Некалькі вытрымак зь інтэрвію Цэсьлера ў прэзэнтаваным альбоме:

«Дызайн закліканы ствараць вобраз асяродзьдзя, шукаць новыя шляхі й мэтады формаўтварэньня, уплываць на паводзіны чалавека, па вялікім рахунку фармаваць чалавека».
«Зьяўленьне інтэрнэту, іншых найноўшых тэхналёгіяў прывяло да таго, што ўсялякі твор мастацтва становіцца масавым, даступным, можа тыражавацца, г.зн. страчвае сваю ўнікальнасьць. У выніку ён у пэўнай ступені набывае рысы, хутчэй тыповыя да дызайну».

Уладзімір Цэсьлер

«Глямур як зьява нашага сёньняшняга жыцьця разбурае розумы, прывівае густ да пошласьці. Я, паводле сваіх поглядаў, цалкам антыглямурны чалавек і абсалютна антыглямурны мастак».
«Не існуе сёньня крытэраў ацэнкі твораў. Бачыла фільм Бэнксі «Выхад праз сувэнірную краму?» Ён вельмі пераканаўча дае зразумець, што сёньня ніхто нічога не разумее».

Уладзімір Цэсьлер

«Сучаснае мастацтва мусіць быць маленькім, недарагім і на магнітах».
«Мы ўсё болей уцягваемся ў глябалізаваную прастору. Добра гэта ці блага, ня ведаю, час пакажа. Ведаю адно: трэба займацца сваёю справай, г.зн. рабіць тое, што табе блізкае».
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4077 seconds.