Facebook запускае сэрвіс для дапамогі самагубцам

Актуальны для беларусаў сэрвіс запускае сацыяльная сетка Facebook. Празь яе людзям, якія вырашылі зьвесьці рахункі з жыцьцём, будзе аказваецца псыхалягічная дапамога. А сябры такіх людзей змогуць нават «перадаць» інфармацыю аб суіцыдальным настроі псыхолягам сацыяльнай сеткі. Сэрвіс мог бы стаць папулярным у Беларусі, якая знаходзіцца на 3 месцы ў сьвеце па колькасьці самазабойстваў сярод падлеткаў.

Як паведамляе Associated Press, тыя карыстальнікі сацсеткі, што раптам задумаюцца зьдзейсьніць суіцыд, змогуць імгненна зьвязацца па ўнутраным чаце Facebook з супрацоўнікамі амэрыканскай нацыянальнай гарачай лініі па папярэджаньні самагубстваў.

Акрамя гэтага карыстальнікі змогуць папярэджваць псыхолягаў аб суіцыдальных допісах на сьценах, якія публікуюць у сацыяльнай сетцы іх сябры і знаёмыя. Аўтарам паведамленьняў, у якіх утрымліваюцца намёкі на самагубства, адміністрацыя Facebook адправіць электронныя лісты з прапановай зьвярнуцца за псыхалягічнай дапамогай.

Многія пошукавыя сыстэмы, у тым ліку папулярныя ў Беларусі Google і Yandex пры ўвядзеньні ў пошукавы радок запыту «самагубства» разьмяшчаюць на верхніх месцах у выніках пошуку сайты, дзе ўсе жадаючыя могуць атрымаць псыхалягічную дапамогу.


Пошук Google гатовы ратаваць ад самагубства толькі ангельскамоўных суіцыдшчыкаў (Глядзіце параўнаньне ніжэй)

З пачатку месяца у прэсе амаль кожны дзень зьяўляліся паведамленьні пра самагубствы беларусаў. Адзін з найбольш распаўсюджаных сыходаў з жыцьця ў апошні час — гібель пад калёсамі цягніка.

Беларусь па дадзеных ЮНІСЕФ знаходзіцца на трэцім месцы ў сьвеце па адноснай колькасьці самазабойстваў сярод падлеткаў (пасьля нашых «сяброў» па Мытным зьвязе — Расеі і Казахстану). Агулам Беларусь знаходзіцца на 4 радку ў сьвеце па колькасьці суіцыдаў усіх ўзростаў на 100 тысячаў чалавек (пасьля Літвы, Паўднёвай Карэі і Казахстану).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0839 seconds.