Пра радыёглушылкі і гімн пакаленьня

30 лістапада 1988 года, пасьля практычна саракагадовай надзейнай і бесьперапыннай працы, на тэрыторыі СССР урэшце былі адрубленыя так званыя «радыёстанцыі пастаноўкі перашкодаў». Савецкія людзі называлі іх проста — «глушылкі». Зьяўленьне дурнога ляманту і гвалту ад «глушылак» у радыёкропках і прымачах пачалося пасьля другой сусьветнай вайны ў мэтах блякаваньня распаўсюду «варожых галасоў» на краіны сьвежанькага сацлягеру. Пасьля гэтая ідэя так пакаціла, а сацлягер стаў такім… хм… мілым лягерам, што ад пары-тройкі «глушылак» ня тое што не адмовіліся, а наадварот — раскідалі па ўсім сацыялістычным сьвеце. І вось так практычна сорак гадоў ламалі кайф людзям, аберагаючы іх ад нежаданага ўплыву Захаду. Ні табе Бітлоў з Ролінгамі, рабяты, ні табе Хічкокаў з Кубрыкамі!

Аднак чалавек думае, а Бог робіць. Сацыялістычны лягер, які яшчэ ўчора здаваўся забранзавелым і адвечным, урэшце рэшт шыбануўся гучней за старую трухлявую антрэсоль у камунальнай кватэры. Ніхто амаль і не чакаў такой няспадзяванкі (да гэтага часу шмат хто і ня верыць). Якая тут ужо каму была справа да нейкіх «варожых галасоў»!

30 лістапада «глушылкі» перасталі працаваць, апошнім цьвіком у iх труну было тое, што яны проста маральна састарэлі, больш ніхто не жадаў слухаць ніякую афіцыйную інфу і адпаведную музыку. Народ кінуўся ў новы для яго FM-дыяпазон. Там было ўсё: Мадонна, Джэксан, Металліка са Скарпамі, гурты «Мираж» і «Ласковый май» плюс тады яшчэ быццам бездакорныя радыё-дыджэі… карацей, усё было!

Што тут казаць, можаце сабе ўявіць, што твор гурта Nirvana «Smells like teen spirit» я ўпершыню пачуў па радыё ў нейкім замежным гіт-парадзе ў 1991 годзе. У той праграме распавялі, што гэтая песьня «зараз ірве Амэрыку і Эўропу», парвала яна і мяне. Тады я, падлетак, запісаў яе наўпрост з радыё-эфіру на касэту, круціў у магнітафоне палову ночы, ня мог заснуць, бо яна гучала і гучала ў маёй галаве, я літаральна трызьніў ёй. Якасьць эфіру была жудаснай, таму нават назву гурта нармалёва не разабраў, чулася, што гурт завецца Невада (неяк цяжка было зь імёнамі выканаўцаў тады — то Бжорк, то Невада:)))

Гэта не настальжы зараз, не, я яшчэ малады мужчыншчына, я пра іншае. Нават тэарэтычна: магчыма зараз зьяўленьне на нашых FM-хвалях песьні, якая стала б гімнам пакаленьня, прабачце за патас? Думаю, не. Нават калі такая песьня і напішацца кімсьці, то праз самацэнзуру радыёстанцыяў яна дакладна ня пройдзе. Замест канкрэтных «глушылак» працуе значна больш дзейны фільтар — «фармат». Напрыклад, адбыўся цуд і вы нясеце на радыёстанцую новую «Smells like teen spirit». Мэнэджэр ці праграмны дырэктар вам пяшчотна, па-бацькоўску зазірне ў вочы, скажа, што «паслухае», — і ўсё, на тым гісторыя і скончыцца. У эфір пралезе толькі нешта нераздражняльнае, сярэдняе, і людзі гэтае становішча ўжо лічаць абсалютна нармальным. Супэр-пупэр-радыёдзеячы ўбілі ў галаву, што яны круцяць тое, што «хочуць людзі», то бок мы. Не, спадарства, гэта вы фармуеце (ці забіваеце) наш музычны (і ня толькі) густ! А час ад часу, хаця б для разнастайнасьці, было б няблага сілком параздражняць нас нечым новым, прагрэсіўным, на тое вы і мас-мэдыя, каб накіроўваць! Але гэтага не адбываецца. Навошта тут тады «глушылкі»! Нам і самім ужо ня трэба ніякіх нірванаў! Меркаваньне адзінкі (маё, напрыклад) нікому на радыё, зразумела, нецікавае. Нас такіх вельмі шмат, дарэчы, а на карысьць FM гэта ніяк ня iдзе, час дакажа! Дзякуй Богу, пакуль ёсьць інтэрнэт.

Усё ж такі той, хто прымаў рашэньне «заглушыць глушылкі» быў абсалютна ня дурны, разумеў, што будучыня за «глушылкамі» ў галаве, а не за халодным жалезным абсталяваньнем. Сябры, канешне, слухайце ў корках FM, але памятайце — новай «Smells like teen spirit» там не пачуеце. Sad but true, — як сьпяваюць Metallica.

P. S. Дарэчы, наконт Metallica. 30 лістапада 1997 году альбом «Reload» («перазагрузка»…кхе-кхе…прывет Тузіну Гітоў:))) гэтага калектыву стаў намбэр уан у Амэрыцы! «Nothing else matters» Metallica я таксама ўпершыню пачуў у FM-эфіры, разам са «Smells like…». Гэтая баляда і да гэткага часу адтуль не вылазіць, на тое яна і баляда. Вось цікава, пачуем калicьці ў прайм-тайм, напрыклад, песеньку Metallica «Whiplash» ці весельчакоў са Slipknot?

Пра аўтара

Яўген Бузоўскі

Гітарыст і сонграйтэр IQ48. 
Трэцяе тысячагодзьдзе сустракаў у статусе студэнта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0627 seconds.