Падлеткам абмежавалі знаходжаньне без бацькоў да 23 гадзінаў

Беларускі парлямэнт прыняў у першым чытаньні папраўкі, якія забараняюць падлеткам да 16 гадоў пасьля 23 гадзін знаходзіцца ў грамадзкіх месцах без бацькоў. Міліцыю абавяжуць дастаўляць дзяцей іх бацькам, калі ж такія ня знойдуцца, падлеткаў будуць развозіць па сацыяльна-пэдагагічных цэнтрах.

Для тых, каму яшчэ няма 14, «камэнданцкай гадзіна» будзе пачынацца з 22 гадзін, а для цінэйджэраў ад 14 да 16 гадоў — з 23. Такія нормы ўтрымліваюць папраўкі ў законы, што былі прынятыя ў першым чытаньні 28 лістапада. Гэта значыць, старэйшыя сябры-таварышы, браты-сёстры суправаджаць падлеткаў ня змогуць.

Як паведамляе БелТА, бацькі ці апекуны будуць несьці адказнасьць за невыкананьне такога абмежаваньня. Дзяцей і падлеткаў, якія знаходзяцца ў грамадзкіх месцах у гэты час без бацькоў, міліцыя павінна дастаўляць бацькам або асобам, што іх замяняюць. Пры гэтым будзе складацца адпаведны акт.

У праекце закона пакуль адсутнічае тлумачэньне дзеяньняў міліцыі на той выпадак, калі яна няздольная даставіць дзяцей да бацькоў, бо апошніх няма. Дакумэнт прадугледжвае, што дзяцей будуць перадаваць у сацыяльна-пэдагагічныя цэнтры. Але ў начны час цяпер там знаходзяцца толькі вартаўнікі. Верагодна, у цэнтрах усталююць дзяжурства супрацоўнікаў, якія маглі б прымаць дзяцей і падпісваць адпаведныя акты.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0547 seconds.