ЭГУ пра лічбы выпускнікоў: адбылася памылка адміністратара сайта
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт даслаў рэдакцыі Generation.by ліст-тлумачэньне ў адказ на публікацыю «У Беларусь не вярнуліся дзьве траціны выпускнікоў ЭГУ», якая выклікала шырокі рэзананс у Сеціве.
Друкуем яго цалкам без зьменаў.
З-за памылкі адміністратараў сайта students.ehu.lt, на тэставай старонцы выпускнікоў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта была размешчаная неправераная інфармацыя пад загалоўкам «Дадзеныя па выпускніках бакалаўрскіх праграм ЕГУ 2011 года», якая выпадкова патрапіла ў шэраг артыкулаў, апублікаваных анлайн 23 лістапада 2011 г.
Гэтая інфармацыябыла няпоўнай, неадпаведным чынам прадстаўленайу графічнай форме, а таму - з’яўлялася зманлівай. ЕГУ прыносіць свае прабачэнні за памылку і прымае сваю долю адказнасці за створанае непаразуменне.
На жаль, частка гэтай інфармацыі стала асновай для артыкула і дыяграмы, створаных сайтам generation.by і перадрукаваных іншымі анлайнавымі медыямі. У згаданым артыкуле падаецца некарэктная інфармацыя, што "дзве траціны выпускнікоў ЕГУ не вярнуліся ў Беларусь".
ЕГУ плануе неўзабаве размясціць больш дэталёвую інфармацыю пра выпускнікоў на students.ehu.lt.
Тым часам, ЕГУ хоча падкрэсліць:
1. Сцверджанне, што «дзве траціны выпускнікоў ЕГУ не вярнуліся ў Беларусь», - непраўдзівае. Большасць выпускнікоў ЕГУ «віленскага перыяду» на цяперашні час жывуць у Беларусі.
2. Большасць магістрантаў ЕГУ жывуць у Беларусі і карыстаюцца сістэмай дыстанцыйнага навучання для камунікацыі са сваімі выкладчыкамі і аднагрупнікамі.
3. Амаль дзве траціны студэнтаў ЕГУ навучаюцца завочна, карыстаючыся сістэмай дыстанцыйнага навучання. Абсалютная большасць гэтых студэнтаў пражывае ў Беларусі.
4. Апытанні выпускнікоў 2009-2010 гадоў вочнага бакалаўрыяту ЕГУ (то бок тых, хто знаходзіўся ў Вільні падчас навучання - меншасць студэнтаў ЕГУ) паказалі, што каля 37% рэспандэнтаў вярнуліся ў Беларусь пасля выпуску. 43% вырашылі працягнуць сваё навучанне ў магістратуры. 26% рэспандэнтаў паступілі ў магістратуру ЕГУ і 17% - у іншыя універсітэты. У вышэйзгаданых апытаннях удзельнічалі больш за 80% выпускнікоў. 2009 і 2010 гг. - гэта гады, калі адбыліся першыя два выпускі бакалаўраў ЕГУ ў Вільні. Звесткі па выпуску 2011 г. на цяперашні час яшчэ няпоўныя і будуць апублікаваныя, калі апытанне будзе завершанае.
Нагадаем, што артыкул Generation.by «У Беларусь не вярнуліся дзьве траціны выпускнікоў ЭГУ» і дыяграмы да яго былі створаныя паводле апытаньня 92 з 151 выпускнікоў бакаляўрыяту ЭГУ 2011 году. Гэтыя зьвесткі былі апублікаваныя на сайце студэнцкай супольнасьці ЭГУ па спасылцы http://students.ehu.lt/be/news/dannyie-o-vypusknikach-bakalavrskich-prohramm-ehu-2011-hoda. Цяпер на гэтай старонцы зьмешчанае тлумачэньне ЭГУ аб тым, што адбылася памылка адміністратара сайту.