Заснавальнік Tut.by Юры Зісер: «ШОС — гэта ня мэтад»

Заснавальнік і кіраўнік парталу Tut.by Юры Зісер прачытаў лекцыю для студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, дзе выказаўся аб шэрагу балючых для беларускага грамадзтва пытаньняў. Сярод іншага, ён распавёў аб уласнай вэрсіі пабудовы палітычнай сыстэмы Беларусі і фінансавым стане кіруемага ім парталу.


На сустрэчу з галоўным байнэтчыкам прыйшло 70 чалавек. Фота Наш Дом

Па словах Зісера, цяперашні беларускі рэжым трымаецца на каўбасе:

«Прэзыдэнт стварыў рай для абываталя, дзе можна нічога не рабіць і атрымліваць заробак, — перадае словы ўраджэнца Львову і савецкага праграміста Зісера партал „Наш Дом“. — Просты чалавек глядзіць сабе ў талерку. Дэмакратыя, правы чалавека — гэта іх раздражняе. Ім патрэбная каўбаса. І да мінулага году з каўбасой было ўсё добра».

Па словах спадара Зісера, крызыс нэгатыўна паўплываў ня толькі на талеркі суграмадзянаў, але і на яго ўласнасьць. Ён назваў Tut.by «не стратным», аднак адзначыў, што існуе шэраг складанасьцяў з рэклямадаўцамі.

Для самога ж Зісера пытаньне прэзыдэнцкай каўбасы знаходзіцца ў іншай плоскасьці:

«Для мяне ШОС — гэта ня мэтад», — заявіў ён.


Зісер другі раз наведвае ЭГУ у Вільні. Фота Наш Дом

Архіў

Вось якія ўражаньні пакінулі ў Юрыя Зісера студэнты ЭГУ і яго выкладчыкі ў час мінулага наведваньня ўнівэрсытэту ў пачатку 2009 году (тагачасныя першакурсьнікі ЭГУ сталі трэцякурсьнікамі, а шмат хто з выпускнікоў — студэнтамі другога курсу магістратуры).

«Я ня надта ўражаны той адукацыяй, якую там даюць. Мне адукацыя ўяўляецца павярхоўнай, нефундамэнтальнай, спэцыфічнай, патрабаваньні да студэнтаў — невысокімі (як, зрэшты, і ва ўсіх беларускіх прыватных ВНУ), а набор прадметаў і спэцыяльнасьцяў — вузкім і, на жаль, абумоўленым тымі тэмамі, на якія даюць гранты (а што рабіць?).

Мне здаецца, ЭГУ разглядаецца большасьцю студэнтаў як магчымасьць бесклапотнага атрыманьня эўравізы і знаёмства з сьветам. Туды ідуць і тыя, у каго няма грошаў на платнае навучаньне.

Усё гэта ніколькі не прымяншае вартасьцяў і узроўню выкладчыкаў і кіраўнікоў, які высокі — нічога не скажаш! Вышэй, чым у шматлікіх дзяржаўных ВНУ. Я ў захапленьні імі.

Усё гэта — сьледзтва выкіданьня ЭГУ з краіны. Бо будучы ў Менску, ЭГУ каціраваўся і сапраўды спрабаваў даць добрую адукацыю, прыцягваючы лепшых выкладчыкаў. А цяпер кола выкладчыкаў рэзка звузілася, бо ў нашых дзяржвну занадта коса глядзяць на сумяшчальніцтва ў ЭГУ. Ды і ня ўсе выкладчыкі гатовыя катацца туды-сюды і тыднямі жыць у інтэрнатах, не ва ўсіх ёсьць магчымасьць і здароўе. Застаецца сказаць „дзякуй“ тым, хто гэту ВНУ загубіў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.