Беларус праехаў аўтастопам усю Афрыку

Аляксей Язылец, беларускі студэнт у Польшчы, праехаў аўтаспынам усю Афрыку, каб наведаць чэмпіянат сьвету па футболе, што праходзіў на самым краі кантынэнту. Агулам 24-гадовы беларускі вандроўнік наведаў 77 краін сьвету, зладзіўшы пры гэтым кругасьветную вандроўку.

Цягам афрыканскага падарожжа Аляксей Язылец з дапамогай аўтаспыну наведаў болей за 20 краін, 14 зь якіх былі афрыканскімі. Падарожжа беларуса заняло 5 месяцаў, цягам якіх ён пераадолеў каля 50 тысячаў кілямэтраў. Галоўнай мэтай яго вандроўкі было наведваньне Чэмпіянату сьвету па футболе ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы ў 2010 годзе, якую, ён, урэшце, і спраўдзіў.

Маршрут Аляксея, які ён пераадолеў улетку 2010 году, пачаўся з Украіны і пралёг праз Румынію, Баўгарыю, Турцыю, Сірыю, Іярданію, Эгіпет, Этыёпію, Кенію, Танзанію, Мазамбік і выспу Занзыбар, і, нарэшце, ПАР.

Аляксей — футбольны заўзятар і заўзяты вандроўнік. Таму падарожжа па Афрыцы ня першае ў яго аўтаспыннай кар’еры. Вандруе ён па 6 месяцаў у годзе. Па яго словах, агулам ён пабываў у 77 краінах сьвету, пра многія зь якіх некаторыя беларусы, можа, нічога і ня чулі.

Толькі ўласна пералік яго «ўлюблёных накірункаў» займае некалькі радкоў. Сярод іх і Іран зь іракскім Курдыстанам, і Грузія з Абхазіяй, Канада з Аляскай ды Таджыкістан.

Папярэдняе падарожжа Аляксея можна назваць сапраўднай вандроўкай вакол сьвету. Тады, распачыўшы падарожжа ў самай заходняй частцы Эўропы ў Партугаліі, дадому ў Менск ён вяртаўся праз іншы бок плянэты: Ціхі акіян і Ўладзівасток. Усю «сухапутную» частку маршруту, у тым ліку запалярную, Аляксей пераадолеў аўтаспынам.


Аляксей дэманструе мапу свайго падарожжжа

Цяпер беларускі вандроўнік плянуе другую кругасьветную вандроўку і марыць наведаць Новую Зэляндыю і Паўднёвую Амэрыку.

Простая мова

«Часам прыходзілася па ходу прасоўваньня да ПАР мяняць маршрут. Напрыклад, першапачаткова ехаць праз Мазамбік не плянаў, аднак прыйшлося. У выніку апынуўся ў краіне нелегальна. Справа ў тым, што ў Пембе, сталіцы паўночнай правінцыі Кабу-Дэлгаду, дырэктар міграцыйнага офісу адмовіў у выдачы візы, забраў дакумэнт, выдадзены на мяжы, і сказаў, каб я вяртаўся назад у Танзанію…

У мяне ж на руках застаўся толькі пашпарт. І калі б я паехаў назад толькі з пашпартам, то на любым з блёкпастоў мне інкрымінавалі б нелегальнае перасячэньне мяжы.

Карацей, вяртацца вельмі не хацелася, аднак і думак, што не патраплю ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, нават не узьнікала. Таму вырашыў ехаць вакол возера Танганьіка, праз Малаві. Праўда, машын па гэтым маршруце амаль не было — за суткі ў паўднёвым кірунку праехалі, падаецца, толькі два аўтамабілі. У мястэчку Муэдо пратырчаў каля сямі гадзін, мясцовыя жыхары ўжо ведалі, што я чакаю машыну. Адзін нават паведаміў, што яму патэлефанавалі і сказалі, што неўзабаве тут праедзе джып, кіроўца якога давязе мяне да мяжы.

Але высьветлілася, што машына ехала да Дар-эс-Салама, самага буйнога гораду Танзаніі. Таму прыняў рашэньне адправіцца туды і там чакаць візу. У выніку, у Дар-эс-Саламе пабываў двойчы на працягу двух тыдняў, не прасунуўшыся за гэты час да канчатковай мэты майго маршруту ні на мілю.

Але зусім не шкадую, што вымушана зьдзейсьніў такі крук. Бо ў адваротным выпадку я не ўбачыў бы Афрыкі, па сутнасьці, у яе першапачатковым выглядзе — з бездарожжам, джунглямі, вёскамі, дзе хаты пабудаваныя з трысьнягу».

Зь інтэрвію «Салідарнасьці»

Болей здымкаў з падарожжаў беларускага вандроўніка ў яго Фэйсбуку.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.