The Toobes раздаюць новы альбом

Гурт The Toobes выклаў ў Інтэрнэт свой другі альбом «My Generation». На новай плыце музыкі не спрабуюць нічога нікому даказаць — яны проста граюць рок-н-рол.

Праца над дыскам заняла каля двух гадоў. За гэты час The Toobes запісалі 24 песьні, але ў альбом ўключылі толькі 12.

— Мы адбіралі самыя новыя, самыя гучныя і магутныя. Пад гэтыя песьні можна ганяць на лыжах з гары, скакаць з парашутам і забіваць цьвікі на дачы ў бацькоў вашай дзяўчыны. Гэта шматфункцыянальны альбом з шалёнай энэргетыкай, — лічыць гітарыст Канстанцін Пыжоў.

За два гады, якія прайшлі з моманту выхаду нашумелага дэбюту "Hello" The Toobes пасьпелі выступіць на адной сцэне з Franz Ferdinand і Ліам Гэллахером, а таксама зайгралі некалькі дзесяткаў канцэртаў у Расеі, Літве, Украіне і Польшчы. Не забывалі яны і пра асасабісты рост — музыкі сваімі рукамі пабудавалі студыю, дзе праходзіла завяршальная частка працы над дыскам.

— Цяпер мы ўмеем будаваць сьцены і заліваць сьцяжку, класьці падлогу і ізаляцыю, тынкаваць, фарбаваць і многае іншае. Так што пасьля выхаду на пэнсію мы не застанемся без кавалка хлеба, — лічыць бас-гітарыст Стас Мурашка.

Зрэшты, да пэнсіі The Toobes пакуль далёка — яны ўжо прадставілі новы альбом у Беластоку і Кіеве, у сьнежні іх чакаюць у Піцеры, а ў пачатку наступнага года намечаны выступу ў Заходняй Эўропе. Але да гэтага 26 Лістапада група дасьць першы за два гады вялікі канцэрт у Менску ў клубе «Re: Public».

Альбом «My Generation» можна бясплатна спампаваць на сайце Thankyou.ru. Там жа пры жаданьні можна сказаць дзякуй музыкам, пералічыўшы адвольную суму з дапамогай інтэрнэт-плацяжоў. CD-вэрсію альбома да менскай прэзэнтацыі выпусьціць кампанія «Вігма».

«Шпаркі дамавік» прадстаўляе: 26 лістапада ў клюбе «Re: Public» (вул. Прытыцкага 62, м. «Кунцаўшчына») прэзэнтацыя новага альбома The Toobes «My Generation». Вялікі канцэрт + rock'n'roll afterparty ўсю ноч. Пачатак у 19.00. Квіткі: 50 тыс. (танцпол). Інфалінія: (044) 794 80 22, (029) 661 22 70.

12:22, 15/11/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0571 seconds.