Маскевіч: «Двухмоўе — гэта абавязак ведаць беларускую мову»
Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч патлумачыў, хто прымусіў школы перавесьці выкладаньне гісторыі і геаграфіі Беларусі на расейскую, а таксама прапанаваў праводзіць паседжаньне парлямэнту на беларускай.
Маскевіч (у цэнтры) у час сустрэчы са студэнтамі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту, якія прымусілі міністра размаўляць па-беларуску
На паседжаньні Палаты прадстаўнікоў дэпутат Аляксей Кузьміч пацікавіўся ў міністра адукацыі Сяргей Маскевіча, хто зьяўляецца аўтарам ідэі выкладаць гісторыю і геаграфію Беларусі на расейскай мове. Міністар адказаў: аўтараў няма, ініцыятары — «канкрэтныя грамадзяне».
«Аўтараў тут няма, а ініцыятары гэтай справы — канкрэтны грамадзяне, якія нават у судовым парадку дамагаліся, каб гэтыя і некаторыя іншыя прадметы, уключна нават зь беларускай літаратурай, выкладаліся на расейскай мове. Іхны аргумэнт, што ў нашай краіне двухмоўе і яны разумеюць гэта, як права выбіраць мову. У мяне асабіста іншы падыход да гэтай праблемы», — цытуе Маскевіча Радыё Свабода.
Міністар адукацыі запэўнівае, што намагаецца падтрымліваць беларускую мову ва ўсіх сфэрах:
«Я лічу, што двухмоўе — гэта абавязак кожнага грамадзяніна Беларусі ведаць беларускую мову і валодаць ёй. Гэта не права выбару адной з двух моваў, а абавязак. Гэта мая асабістая думка», — заявіў міністар адукацыі Сяргей Маскевіч.
«Але галоўным у пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы зьяўляецца жаданьне бацькоў, а яго ўсё менш. У гэтым годзе ў Менску гэта вельмі востра адчувалася», — падкрэсьліў ён.
Як перадае БелаПАН, Маскевіч таксама лічыць, што неабходна ўзмацніць папулярызацыю беларускай мовы і на мясцовым узроўні, і ў парлямэнце, праводзячы пасяджэньні на беларускай мове.
Экспэрты адзначаюць, што пры новым міністры адукацыі працягнулася тэндэнцыя на скарачэньне выкладаньня на беларускай. Аднак у часы рэктарства ў ГрДУ стаўленьне Маскевіча да беларускай мовы было іншым:
«Унівэрсытэцкія саветы Маскевіч праводзіў толькі
па-беларуску . Размаўляў сам і для астатніх быў прыкладам», — прыгадвае прафэсар ГрДу Вячаслаў Швед.
Добрае стаўленьне Маскевіча да беларускай адзначае і старшыня «Таварыства беларускай мовы» Алег Трусаў.
«Больш прадметаў выкладалася
па-беларуску , больш абвестак былопа-беларуску , — адзначае Трусаў. — Праўда, нядаўна там адбыліся зьмены станоўчыя — зьявілася беларускамоўная вэрсія сайта. На жаль, сёньня вельмі мала унівэрсытэтаў маюць беларускамоўную вэрсію сайта».