ТОП найлепшых замежных унівэрсытэтаў, дзе вучыцца беларусам найтаньней

Многія студэнты хацелі б навучацца ў топавых замежных унівэрсытэтах, але ня кожны здольны заплаціць за гэта. Нешматлікія стыпэндыі даступныя абмежаванаму колу найлепшых, а год навучаньня ў самых крутых унівэрах абыдзецца беларусам ў некалькі дзесяткаў тысячаў даляраў. Хаця заўсёды застаюцца магчымасьці, варта толькі да іх прыгледзецца.

Брытанская кансалтынгавая кампанія Quacquarelli Symonds прааналізавала адукацыйны рынак па ўсім сьвеце і назвалі краіны, дзе па спалучэньні цана/якасьць беларусы могуць знайсьці мінімальнае па затратах і найлепшае па якасьці навучаньне. На падставе лічбаў складальнікі сьпісу робяць выснову, што найлепшую адукацыю даюць ў Вялікабрытаніі і ЗША, хаця таньней вучыцца ў першай. Зрэшты, 4–6 тысячаў даляраў за адзін год навучаньня ў бакаляўрыяце Кэмбрыджу наўрад ці адолеюць шмат беларусаў. Ня кажучы ўжо аб кошце ступені магістра — 38–40 тысячаў даляраў — у амэрыканскім Гарвардзе.

Адначасова ўнівэрсытэты зь першай сотні найлепшых па рэйтынгу Quacquarelli Symonds, якія месьцяцца ў Нідэрляндах: Амстэрдаме (63 месца), Утрэхце (80 месца) і Лейдэне (88 месца) — прапануюць замежным студэнтам шэраг курсаў на ангельскай мове менш чым за 2 тысячы фунтаў стэрлінгаў у год.

1. Швэцыя і Аўстрыя

Зусім бясплатна могуць вучыцца толькі лепшыя з найлепшых. Канешне, у многіх унівэрсытэтах ёсьць бясплатныя месцы для суграмадзян, але беларусам яны не даступныя.

Некаторыя са скандынаўскіх унівэрсытэтаў прапануюць для неграмадзян ЭЗ бясплатную адукацыю, але на тое можа прэтэндаваць абмежаванае кола лепшых замежных абітурыентаў. Небясплатны, але і ня вельмі дарагі варыянт прапануюць аўстрыйскія унівэрсытэты, напрыклад, Венскі тэхнічны, які займае ў сусьветным рэйтынгу 155 месца. Жадаючыя павучыцца на нямецкай будуць плаціць меней за $1000 у год.

2. Саудаўская Аравія

Як тое ні дзіўна гучыць, Саудаўская Аравія становіцца ўсё болей прывабным месцам для студэнтаў. Праз урадавыя субсыдыі ўсе студэнты, як мясцовыя, гэтак і замежныя, могуць вучыцца бясплатна. Унівэрсытэт караля Сауда, унівэрсытэт нафты і горна-руднай прамысловасьці і унівэрсытэт караля Абдэль Азіза — выбірайце любы, усе яны ў топе чатырохсот найлепшых унівэрсытэтаў сьвету.

3. Паўночная Афрыка і Лацінская Амэрыка

Калі вас вабіць подых арабскай вясны, то некаторыя паўночнаафрыканскія ўнівэрсытэты могуць прапанаваць даволі якасную адукацыю за адносна невялікія грошы. Напрыклад, унівэрсытэт Каіру адзін зь лепшых у рэгіёне і сьвеце, дае адукацыю для замежнікаў коштам менш за $1000 у год. Лацінаамэрыканскія ўнівэрсытэты таксама маюць курсы па вельмі нізкіх коштах, але найперш для гішпанамоўных абітурыентаў. Унівэрсытэт Кампінас і Унівэрсытэт Буэнас-Айрэсу сярод 300-а лепшых.

4. Швэйцарыя і Японія

У Швэйцарыі і Японіі можна знайсьці нямала ВНУ сусьветнага клясу. ETH Zurich, які займае 18-е месца ў QS World University Rankings, запатрабуе зь беларусаў меней за $2000. Гэткія ж правілы і ва ўнівэрсытэце Лазаны, які займае 35 радок у рэйтынгу. Такійскі ўнівэрсытэт — другі па велічыні азіяцкі ўнівэрсытэт і 24-ы ў сьвеце, патрабуе толькі $6000–8000 з замежнікаў.

5. Францыя і Вялікабрытанія

Мы набліжаемся да найбольш дарагіх ВНУ. Знаходзяцца яны па традыцыі ў Старой Эўропе і Паўночнай Амэрыцы. Парыскія École normale supérieure ENS і École Politechnique спаганяюць зь беларусаў меней за $1000 у год. За вышэйшыя ступені магчыма прыйдзецца заплаціць да $6000–8000.

Для людзей з грашыма застаюцца брытанскія ўнівэрсытэты. Напрыклад, у Кэмбрыджы беларусу магчыма прыйдзецца плаціць да $18000–20000 у год. Але гэта палова кошту навучаньня ў амэрыканскіх Гарвардзе і Елі, якія зьяўляюцца іх галоўнымі канкурэнтамі ў рэйтынгу лепшых унівэрсытэтаў.

6. Кітай і Карэя

Цяпер Азія і Аўстралія могуць пахваліцца неверагодным выбарам ВНУ і праграмаў навучаньня. Лепшыя зь іх ва ўнівэрсытэце Ганконгу і Сеўльскім нацыянальным унівэрсытэце каштуюць ад $14000–16000 (першы) да $4000–6000 (другі) у год. Пэкінскі ўнівэрсытэт, 46-ы ў рэйтынгу, патрабуе тую ж суму за навучаньне. Троху вышэй прыйдзецца заплаціць за навучаньне ў яшчэ адным топавым унівэры ў Сынгапуры (нацыянальны) — да $20000.

І усё ж, на думку экспэртаў, сёлетнія адукацыйныя прапановы выглядаюць ня так ужо і дрэнна — з улікам нядаўняга эканамічнага крызысу, практычна паўсюднага росту коштаў на навучаньне, скарачэньня выкладчыцкіх складаў і ўразаньня бюджэтных выдаткаў на навуковыя дасьледаваньні.


Алесь Bezuher 13:50, 24.10.2011 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0506 seconds.