Расейскамоўныя дарожныя ўказальнікі зьнікнуць праз 10 гадоў
Адміністрацыя Глыбоцкага раёну адмаўляецца мяняць расейскамоўныя дарожныя шыльды, бо лічыць гэту замену надта дарагой для бюджэту. Чыноўнікі пачакаюць, пакуль тыя ня будуць зламаныя альбо тэрмін іх выкарыстаньня ня сыдзе.
Паводле клясычнага правапісу, горад і рака называюцца Бярэзіна, а паводле савецкай правапіснай традыцыі рака — Беразіна. Аднак гэты варыянт не пазначаны ні ў воднай кніжцы. Фота br23.net
Па законе назвы населеных пунктаў на дарожных знаках павінны быць напісаныя на беларускай мове. Але выконваюцца правілы не паўсюль. Некалькі месцаў таму актывісты з Глыбокага распачалі ў сацсетках кампанію, накіраваную супраць русыфікацыі дарожных шыльдаў у сваім рэгіёне. Яны заклікалі пісаць лісты — зьвяртацца да ўладаў з патрабаваньнямі вярнуць беларускамоўныя назвы вёсак.
Што цікава, непакой супольнасьці ў адміністрацыі Глыбокага пачулі, але выпраўляць сытуацыю не сьпяшаюцца:
«Мы сапраўды атрымалі зь дзесятак лістоў, прычым усе яны былі як пад капірку!» — пракамэнтавалі «Камсамольскай праўдзе» зварот беларусаў у Глыбоцкім райвыканкаме.
«Масавая замена шыльдаў была ў 2009 годзе ў сувязі з тым, што яны ўжо выпрацавалі свой рэсурс. Да таго ж зьявіліся новыя тэхналёгіі вырабу дарожных знакаў, але беларускія назвы на расейскую тады не перакладалі, — кажа мясцовы ідэоляг Марыя Аляхновіч. — Проста перапісалі тыя назвы, што былі. Больш за тое, дзе-нідзе, наадварот, пераклалі з расейскай на беларускую, але пераклалі няправільна, непісьменна.
Цяпер, калі нейкі дарожны ўказальнік трэба замяніць, напрыклад, пасьля аварыі, усталёўваюць беларускамоўныя шыльды. А каб не дапускаць памылак, дарожнікі зараз абавязаныя зьвярацца з картатэкай населеных пунктаў».
У Віцебскім аблвыканкаме тэлеканалу «Белсат» заявілі, што праблемы ў расейскамоўных шыльдах ня бачаць і замяняць іх ніхто ня будзе. Прынамсі, у бліжэйшыя 10 гадоў:
«Шыльды з назвамі населеных пунктаў, якія ўтрымліваюць назвы на расейскай мове, могуць быць замененыя толькі з часам іх зносу-то бок не раней, чым празь дзесяць гадоў».
Паводле апошняга перапісу насельніцтва, Глыбоцкі раён уваходзіць у лік рэгіёнаў з найбольшым распаўсюдам беларускай мовы. Тут беларускамоўнага вясковага насельніцтва болей за 90%.