Самым няўдачлівым дарогу ў беларускія ўнівэрсытэты зачыняць

Міністэрства адукацыі ўсё болей упэўнена кажа аб плянах усталяваць бар’еры для абітурыентаў, якія набіраюць толькі некалькі балаў па цэнтралізаваным тэстам. Такім чынам чыноўнікі спадзяюцца не дапусьціць да ўступнай кампаніі каля 5% абітурыентаў, што здольныя адказаць на ЦТ меней чым на 15 балаў.

Міністэрства адукацыі Беларусі з 2012 году плянуе забараніць абітурыентам зь нізкімі баламі па ЦТ падаваць дакумэнты ў ВНУ. Каля 5% з найгоршымі вынікамі будуць адсейваць датэрмінова, паведаміла крыніца агенцыі «Інтэрфакс-Захад» у БДУ.

Як заявіў першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук, мінімальны бал, зь якім абітурыенту дазволяць падаваць дакумэнты ў ВНУ, будзе вызначацца пасьля правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня. Калі б гэты паказчык ўвялі падчас уступнай кампаніі-2011, то, напрыклад, па матэматыцы і фізыцы ён склаў каля 6 балаў, па грамадазнаўстве — каля 15.

Атамныя тэхналёгіі для двоечнікаў

Ініцыятыва па абмежаваньні прахаднога балу на першы погляд супярэчыць апошнім тэндэнцыям у дэмаграфіі і фінансах: ва ўнівэрсытэты паступаюць значна меней людзей, чым у папярэднія гады, што зьвязана з падзеньнем нараджальнасьці, аднак дзяржава імкнецца да павелічэньня набору найперш на платныя месцы, бо гэта прыносіць хоць нейкія сродкі.

Сёлета Міністэрства адукацыі плянавала зрабіць студэнтамі болей за 100 тысячаў чалавек. Але недабор назіраўся нават на бюджэтных аддзяленьнях, якія складалі толькі 25% ад усіх вольных месцаў на першым курсе. Як пісала «Народная газэта», 134 бюджэтныя месцы на дзённым і 203 на завочным у выніку дэмаграфічных ямаў і непрывабнасьці адукацыі, што прапаноўвалі беларускія ўнівэрсытэты, засталіся незанятымі (напрыклад у Баранавіцкім дзяржаўным унівэрсытэце на спэцыяльнасьць ангельская/нямецкая мовы замест 56 бясплатнікаў атрымалася набраць толькі 18, а у БНТУ атамныя тэхналёгіі будуць вывучаць студэнты са 180 баламі па ўсіх тэстах і атэстату ў суме). У выніку, замест 100 тысячаў у краіне зьявілася толькі 90 тысячаў новых навучэнцаў ВНУ.

Ініцыятыва Мінадукацыі ня новая: некалькі гадоў таму бар’ер для абітурыентаў ужо ўсталёўвалі. Тыя, хто набіраў на тэстах меней за 20 балаў, нават не атрымоўвалі сэртыфікату. У выніку прыём у беларускія ўнівэрсытэты апынуўся пад пагрозай зрыву, а бар’еры прыйшлося хутка апускаць адразу падчас уступнай кампаніі.

Зрэшты, нават 20 балаў, як сьведчаць многія выкладчыкі і былыя абітурыенты, на тэстах набраць можна амаль бязь ведаў, карыстаючыся выключна фартунай. Таму 6-бальныя абмежаваньні могуць адсеяць альбо выключна лянівых, альбо тых, хто дапусьціў значныя тэхнічныя памылкі ў запаўненьні тэстаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0565 seconds.