У новым кліпе «Без Білета» вярнуліся ў летнія канікулы ў СССР

Гурт прадставіў новы кліп на песьню «Байконур 66» з новага альбому «Звезда», што мае выйсьці ў кастрычніку. «Той, хто раз у жыцьці бачыў кефір у шкляных бутэльках зь зялёным корачкам, хадзіў у відэасалён і зьбіраў мульцікі ад „Дональда“ — тым будзе асабліва блізкая гэтая кампазыцыя, — прадстаўляе лідэр „Без Билета“ Віталь Артыст. — Яна пра той час, калі мы былі падлеткамі і пра ўсё тое, што складала наша простае шчасьце».

Дух рэтра-песьні ў поўнай меры адлюстраваны ў кліпе на яе: рэжысёр Мацей Сабураў зьняў настальгічнае відэа аб летніх вакацыях у СССР, напоўненае вядомымі атрыбутамі нашага агульнага нядаўняга мінулага.

«Адмыслова для кліпа мы купілі „Запарожац“ і з дапамогай заежджых нямецкіх адмыслоўцаў ператварылі яго ў кабрыялет, знайшлі дзьвюхкасэтны магнітафон „як ў Майкла Джэксана“ з казачныя цэньнікам „500 р.“ ды зрабілі нунчакі з падручных сродкаў, — распавядае Віталь Артыст. — Паехалі з горада на некалькі дзён, кінулі справы, купаліся, дурэлі. Нам хацелася ўзнавіць тую унікальную атмасфэру сяброўства і прыгодаў тых месяцаў, якія мы калісьці праводзілі ў вёсцы».

Мацей Сабураў, які да гэтага зьняў для «Без Билета» «Аватары», «Африку» і «Всё сразу!», задумаў кліп на «Байканур 66» як гісторыю аб адным бестурботным дне з жыцьця пецярых сяброў. Здымкі відэа прайшлі ў канцы жніўня ў маляўнічым мястэчку Белая Царква ў Віцебскай вобласьці. Па традыцыі ў кліпе зьняліся сябры і ўдзельнікі фан-клюба гурта, занятыя ў кульмінацыйным эпізодзе відэа пад кодавай назвай «Вясковая дыскатэка».

Прэзэнтацыя новага альбома «Без Билета» «Звезда» адбудзецца ў менскім Палацы спорту 19 лістапада. Тады ж будзе адзначацца і Дзень Безьбілетніка 2011. Гэта сьвята музыкі, з нагоды якога гурт штогод (пачынаючы з 2004 года) дае канцэрты і дорыць прыхільнікам падарункі. У мінулым і пазамінулым годзе ў Дні Безьбілетніка ў Менску прайшлі па два выступы «Без Билета». Гэтай восеньню канцэрт будзе адзін: на вялікай пляцоўцы, з працяглай праграмай з песень розных гадоў, адмысловым відэашэрагам і, вядома ж, сюрпрызамі ад гурта.

10:00, 26/09/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.064 seconds.