Беларускія студэнты абмеркавалі свае праблемы

На выходных у Менску прайшла адна з найбольш нетыповых падзей апошніх гадоў: адкрытая студэнцкая канфэрэнцыя «Вышэйшая адукацыя Беларусі вачамі студэнтаў», дзе прадстаўнікі розных унівэрсытэтаў і арганізацый шчыра дзяліліся меркаваньнем аб тым, што адбываецца зь імі, беларускай адукацыяй і краінай агулам. Па выніках канфэрэнцыі студэнты вырашылі неадкладна дзейнічаць. Праўда, якім чынам, яшчэ трэба будзе прыдумаць.

Зрэшты, шчырасьць студэнцкіх размоваў таксама мела ўласныя межы, і абмеркаваньне ішло «наколькі гэта дазваляе цяперашняя сытуацыя». Студэнты знаёмыя з формулай «ну вы ж самі ўсё разумееце» і з паразуменьнем паставіліся да пераносу мерапрыемства з канфэрэнц-залі прэміюм кляса ў непрэзэнтабэльнае і зь неадназначным іміджам памяшканьне клюбу «6А», у якім ня раз былі заўважаныя гей-вечарыны. Апошняя дадавала разынку і без таго незвычайнай для Менску дзеі: напаўзмрок былой сталоўкі з адпаведнай сталоўкаўскай акустыкай, выявай аголенага прыгажуна ля імправізаванага прэзыдыюму канфэрэнцыі ды крыху больш чым нэрвовыя яе ўдзельнікі.


Болей здымкаў у facebook-альбоме

Ступень напружанасьці студэнтаў, сярод якіх былі заўважаныя як бывалыя наведвальнікі мітынгаў і судоў сталіцы, гэтак і сябры БРСМ (зрэшты, шэрагоўцы) разам са «звычайнымі студэнтамі, якія ўбачылі інфармацыю аб мерапрыемстве, і прыехалі сюды», стала асабліва добра заўважнай на фоне адзінага замежнага выступоўцы — прэзыдэнткі Ўкраінскай асацыяцыі студэнцкага самакіраваньня, якое яднае 178 украінскіх ВНУ, Елізаветы Шчэпяцільнікавай. Актыўная, усьмешлівая, з добрымі навыкамі публічных прамоваў, Елізавета прыгадала гісторыю студэнцкіх паўстаньняў па ўсёй Эўропе, у тым ліку і ў роднай краіне. І распавяла пра вопыт студэнцкага самакіраваньня ва Ўкраіне.

«Цяпер у 38 краінах Эўропы ёсьць нацыянальныя аб’яднаньні студэнтаў, якія займаюцца лабіраваньнем інтарэсаў студэнтаў на нацыянальным узроўні», — усьмешка не сыходзіла з прыгожага твару ўкраінкі, хаця выдатная расейская і прымушала засумнявацца ў паходжаньні актывісткі. — «Дзякуючы гэтаму ва ўсе арганізацыі, якія займаюцца праблемамі і справамі студэнтаў, па ўсёй Эўропе ўключаюцца прадстаўнікі студэнцтва».

Найбольшым сваім дасягненьнем дзяўчына лічыць атрыманьне права студэнтамі недзяржаўных ВНУ на ільготны праезд у транспарце. У свой час украінскія студактывісты адстаялі права на праезд у цягніках у летнія месяцы, а таксама рашуча выступілі супраць прымусовага разьмеркаваньня, за якое прагаласаваў парлямэнт, але вета ўсё ж наклаў прэзыдэнт.

«Як толькі ў нас нешта забіраюць, мы адчуваем, што гэта няправільна, і адразу пачынаем разьбірацца, чаму ў нас гэта забіраюць», — кажа Елізавета.

«А як разварушыць беларускіх студэнтаў?» — сваёй прамовай украінка відавочна здолела крыху вярнуць беларускіх студэнтаў да нармальнай жыцьцядзейсьці і адпаведных жыцьцёвых пытаньняў, што, верагодна, і выклікала гэты амаль што заклік аб ратаваньні з залі. «Ня ведаю, — адказала Лізавіта, — вы тут жывяце і вам лепей ведаць. Мы ня хочам вучыць вас, як жыць. Мы хочам даведацца, чым вам дапамагчы».

Тут мне захацелася папрасіць ўкраінцаў аб добрым памяшканьні для тусоўкі, але ніводны з болей чым сарака ўдзельнікаў канфэрэнцыі не праявіў жаданьня распавесьці, чым могуць нам дапамагчы ўкраінскія студэнты. Дарэчы, як высьветлілася, перанос мерапрыемства са спорт-пляцоўкі, дзе папярэдне плянавалася ладзіць канфэрэнцыю, быццам быў зьвязаны з катастрофай самалёту, на якім ляцела расейская хакейная каманда ў Менск. У выніку графік хакейных матчаў пасунуўся, студэнты засталіся без залі, а арганізатарам паабяцалі вярнуць грошы за яе арэнду.

Рэзалюцыя і перамовы зь Міністэрствам адукацыі

Арганізатарамі канфэрэнцыі сталі маладыя людзі з Цэнтру разьвіцьця студэнцкіх ініцыятываў (ЦРСІ) — новазарэгістравнай суполкі, якая плаўна перацякла з папярэдняга праекту гэтых жа асобаў: студэнцкай арганізацыі з прафсаюзна-праваабарончым ухілам «Студэнцкая Рада». Яны ж і сфармулявалі амбітную мэту сходу: «наблізіць вышэйшую адукацыю Беларусі да нашых прынцыпаў і бачаньня».

Менавіта «радаўцы» збольшага і бралі слова на канфэрэнцыі: адлічаны і адноўлены праз суд, пасьпеўшы пасьля гэтага адседзець суткі за маўклівыя пратэсты ўлетку Алесь Крот распавядаў пра найбольш актуальныя праблемы студэнцтва (яны былі выяўленыя праз адмысловую групу Vkontakte — студэнтаў, як высьветлілася, найьбольш цікавіла далучэньне Беларусі да Балоньскага працэсу, падвышэньне коштаў на адукацыю і разьмеркаваньне). Лізавета Яфімава распавяла, што засталося ад беларускіх студэнцкіх арганізацый на гэты момант, а яе паплечнік Зьміцер Гамянюк, што сьпешна выехаў зь Беларусі ў Кіеў падчас тыдняў вобшукаў пасьля 19 сьнежня, імкнуўся надаць канфэрэнцыі структураванасьць:

«Мы імкнемся сфармаваць ініцыятыўныя групы студэнтаў, якія б пачалі рэалізоўваць сваё бачаньне вырашэньня студэнцкіх праблем. Студэнты будуць уступаць у перамовы з адміністрацыяй ВНУ, калі неабходна Міністэрствам адукацыі, каб палепшыць сваё жыцьцё, — распавёў Зьміцер Гамянюк, адзін зь лідэраў арганізацыі Цэнтру разьвіцьця студэнцкіх ініцыятываў.

«А ЦРСІ заўжды гатовы дапамагчы: накіроўваць запыты, прадстаўляць студэнцкае меркаваньне на афіцыйных перамовах. Але мы не бярэм на сябе абавязак у рэалізацыі гэтых дзеяньняў. Мы толькі плятформа для абмеркаваньня».

ЦРСІ падрыхтаваў нават адмысловую рэзалюцыю, дзе пазначыў асноўныя праблемы студэнцтва, і якую прапанаваў прыняць удзельнікам канфэрэнцыі. «Мы будзем садзейнічаць распаўсюду гэтага дакумэнту, самі спрабаваць і вам дапамагаць, каб рэалізаваць гэтыя тэзы ў жыцьцё», — падвялі вынік актывісты ЦРСІ, зьвяртаючыся да тых, хто здолеў даседзець да канца дзевяцігадзіннай канфэрэнцыі.

«А які сэнс?»

Найбольшыя спрэчкі ў час абмеркаваньня той самай выніковай рэзалюцыі выклікала пытаньне, каму і як варта даваць інтэрнат, ці маюць студэнты завочнага і замежнікі такое ж самае права на пакой, як і беларусы-дзёньнікі, а таксама, ці варта заклікаць беларускіх студэнтаў вучыць ангельскую мову. У выніку вырашылі, што ня варта дыскрэдытаваць замежнікаў і студэнтаў іншай формы навучаньня, а ангельская вывучацца будзе, калі знойдуцца адпаведныя ўмовы.

Таксама актыўныя студэнты дамовіліся стварыць працоўную групу, якая вырашыць, ці варта далучацца Беларусі да Балоньскага працэсу і як гэты працэс мусіць адбывацца. Па ініцыятыве ўсё таго ж ЦРСІ студэнты прапанавалі ўвесьці ў Беларусі па прыкладзе замежных краін сетку студэнцкіх амбудсмэнаў, якія б атрымалі права назіраць за выкананьнем правоў студэнтаў і дапамагаць ім у канфліктных сытуацыях з кіраўніцтвам ВНУ.

Зрэшты, у час абмеркаваньня ў некаторых студэнтаў захоўвалася скептычнае стаўленьне да рэзалюцыі і заклікаў да ўладаў і іншых студэнтаў:

«Ёсьць людзі, якія хочуць нешта мяняць. Але як толькі чалавек пачынае праяўляць ініцыятыву, адрозную ад меркаваньня БРСМ, ён рызыкуе быць адлічаным», — заявіла адна з удзельніц канфэрэнцыі.

«Праблема ў студэнцкім самакіраваньні, дакладней яго адсутнасьці ў Беларусі, — рэзюмаваў іншы ўдзельнік. — Цяпер кіраўніцтва студэнцкіх самакіраваньняў вельмі часта не выбіраецца, а прызначаецца кіраўніцтвам унівэрсытэтам. Таму даверу да такіх ініцыятываў ня вельмі шмат».

Нязгодных з гэтай пазыцыяй не знайшлося. Зрэшты, як і шляхоў, якія прывялі да значных зьменаў. А пакуль актыўныя студэнты зоймуцца тым, што будуць паказваць сваю рэзалюцыю ўсім зацікаўленым асобам ды абмяркоўваць далейшыя дзеяньні ў Інтэрнэце. Глядзіш, нешта наабмяркоўваецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.