«Тузін Гітоў» раздаў узнагароды выканаўцам лепшых песень

Упершыню за восем гадоў працы музычны партал «Тузін Гітоў» зладзіў узнагароджаньне пераможцаў гіт-параду ў offline. Чаканая ўрачыстая імпрэза сабрала ў клюбе «Графіці» выканаўцаў 12 песень, якія прызнаныя лепшымі па выніках сэзону 2010/2011.

«Тузін Гітоў» падводзіць вынікі музычнага сэзону дыскам-справаздачнікам ужо ня першы раз. І сёлетні «Прэм’ер Тузін» — ужо шосты па ліку дыск. Плыта сабрала 12 найлепшых трэкаў зь ліку фіналістаў вялікага выніковага мэга-туру, а яшчэ бонус у выглядзе 30 лепшых mp3-трэкаў, абраных экспэртамі і наведнікамі музычнага парталу. Аднак сёлета каманда парталу адзначыла пераможцаў ня толькі на сайце, але й прэзэнтаваўшы дыплёмы на ўрачыстай цырымоніі ў клюбе «Графіці».

Госьці акупавалі і клюб, і ганак, і файе. Бліскавіцы фотаздымачоў, яркае сьвятло відэа-камэраў… Хіба чырвонай дарожкі не хапала для поўнага камплекту. А можа й была, але ў такім тлуме і насычаных падзеях было не да разгляданьня падлогі.

Жывыя выступы беларускіх ZnaRock, «Жнюв», Akute ды акустыку ад украінскага «Фіолет» чаргавалі выхады на просьбу нязьменнага «тузіноўскага» вядучага Алега Хаменкі пераможцаў вялікага мэга-туру «Тузіну Гітоў». Тут і Аляксандр Кульлінковіч з узнагародай за «Леніна» Neuro Dubel, і прэс-аташэ Ляпіса Трубяцкога Зьміцер Безкаравайны з узнагародай за «Грай», і шэраг іншых музыкаў і іх прадстаўнікоў зь Беларусі і ня толькі. Так, дзьве ўзнагароды паедуць за межы Беларусі — ва Ўкраіну і Польшчу. Этнічныя беларусы з Падляшша Ilo&Friends на вечарыну не пасьпелі з-за няпростай працэдуры атрыманьня беларускіх візаў. А вось лідэр украінскага «Фіолет» Сяргей Мартынюк ня толькі атрымаў дыплём за беларускамоўную песьню «Месца пакуты», але й выступіў перад гасьцямі цырымоніі з пранікнёным акустычным сэтам.

Тым часам, на «Тузіне» стартаваў новы тур сэзону 2012. Да таго ж, рэдакцыя парталу абяцае запусьціць новую вэрсію сайту цягам першага туру. Новы дамэн і лягатып музычныя аматары ўжо мелі магчымасьць «падгледзець» на вокладцы «Прэм’ер Тузіну» ды на іншай восеньскай прадукцыі парталу. Апроч таго «ТГ» вядзе актыўную працу над праектам «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2», у межах якога вядомыя замежныя музыкі сьпяваюць свае песьні па-беларуску. А акунуцца ў offline-атмасфэру «тузіну» можна будзе ўжо ў кастрычніку — зноўку ў «Графіці» на чарговым канцэрце з сэрыі «Жывы Тузін (Unplagged)».

+ Фотарэпартаж з цырымоніі 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.