Музычная справаздача ад «Тузіна Гітоў»

У крамах зьявілася трэцяя песенная справаздача «Прэм'ер Тузін-2007» ад слушнага музычнага парталу «Тузін Гітоў». На ёй — лепшыя беларускамоўныя песьні году паводле галасаваньня наведвальнікаў сайта ў гіт-парадзе. Учора складанка была прэзэнтаваная журналістам.­­

 

Традыцыйна новы «Прэм’ер» выйшаў у падвойным мультымэдыйным фармаце — дзьве сэкцыі з 42 сьпеваў. Першыя дванаццаць песьняў вызначаныя шляхам галасаваньня ў гіт-парадзе «Тузіна Гітоў». Сярод іх — гіты вядомых рок-гуртоў N.R.M., ZET, IQ-48, Krama, а таксама маладых пэрспэктыўных Tav. Mauzer і:B:N. Яскрава, хоць і крыху нечакана, выглядаюць у гэтым тузіне блюзавая каманда NESTARы Band, арт-фолькавая OSIMIRA і экс-Цмокі Band A са сваёй «Рэвалюцыяй», а таксама таямнічы праект Ялфімава PitBull і гомельскі «Бан-Жвірба». Сярэднявечча на дыску прадстаўляе гурт «Рокаш».

У дадатак да гэтага тузіна — MP3-cэкцыя, што зьмяшчае яшчэ трыццаць ня менш цікавых кампазіцыяў з гіт-параду «Тузіна Гітоў».

Традыцыйна да падвядзеньня вынікаў рэдакцыяй былі запрошаныя вядомыя і аўтарытэтныя беларускія музычныя аналітыкі. Гэтым разам вызначаць лепшых дапамагалі прадстаўнікі ўсіх айчынных лэйблаў — Віктар Гольцаў (Go-Records), Віталь Супрановіч (BMAgroup), Уладзімер Максімкаў (Vigma), Вячаслаў Гулевіч (Новая музычная кампанія), Мікалай Сапуноў (West Records). Менавіта яны абіралі лепшае зь лепшага.

Лявон Вольскі, што быў запрошаны на прэзэнтацыю ў якасьці аўтара «Менск-Мінск» — песьні года паводле «Тузіна Гітоў» — назваў гіт-парад ТГ «адзіным кампэтэнтным і сур’ёзным гіт-парадам у Беларусі». Але не ­абышлося і без фірмовага лявонаўскага гумару:

«Песьня году? Нічога сабе, а я ­думаў, што мяне сюды запрасілі, як здрадніка году:)­».

А Алег Хаменка, вядучы гіт-параду ТГ на радыё «Рацыя», настойвае на прызнаньні гіт-парада ТГ «галоўным нацыянальным гіт-парадам». 

Галоўны рэдактар праекту, журналіст Сяргей Будкін называе выхад складанкі «першым рэлізам году» і вызначае яе музычнае начыньне, як «самыя заўважныя беларускамоўныя песьні ў інтэрнэт-прасторы». 

Апроч гіт-параду і музычных навінаў, на сайце існуе вялізны легальны mp3-каталёг беларускамоўных песьняў, адкуль кожны наведвальнік можа спампаваць некаторыя творы ўлюбёных гуртоў. 

Wiecier Mechaniczny, выдавец музычнага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў», распавёў, што за чатары гады працы парталу публіцы было прадстаўлена болей за 300 новых беларускіх песьняў, выкладзена каля 100 рэцэнзіяў на новыя айчынныя плыты. Цягам 2007 сайт наведала ля 200 000 чалавекаў, а штомесяц фіксуецца блізу 50 000 спампоўваньняў трэкаў.

«Прэм’ер Тузін-2007» — гадавая справаздача ня толькі рэдакцыі «Тузіна Гітоў». Гэтая складанка — плён усеграмадзкіх абмеркаваньняў вынікаў музычнага жыцьця Беларусі «альтэрнатыўнага» фармату», — адзначыў WM.

На пытаньне, ці не зьбіраецца ТГ выходзіць у папяровым фармаце, Wiecier Mechaniczny заўважыў, што ня бачыць патрэбы зьяўляцца на паперы:

«Вось TV, радыё — гэта цікава».

Вядома, што вядуцца перамовы відэа-ўвасабленьні «Тузіна» на ТВ-канале «БелСат».

Усё гэта толькі ў плянах, між тым, як пра «Прэм’ер-Тузін-2007» ужо зараз можна запытвацца ў музычных крамах.

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.