Vinsent прэзэнтуе адразу 6 live-кліпаў (+відэа)
Для ўсіх прыхільнікаў сваёй творчасьці Vinsent прэзэнтуе адразу шэсьць live-кліпаў на новыя і ўжо добра вядомыя песьні. Гэтыя запісы паўсталі зь вялікага жывога канцэрта, які адбыўся вясною 2011 года ва ўжо ня існым на сёньня клюбе «Рэактар», дзе рэпэр упершыню прэзэнтаваў свой жывы праект.
Сярод песень, на якія былі створаны live-кліпы, ёсьць новыя і яшчэ ня выдадзеныя, якія ўпершыню прагучалі на канцэрце ў «Рэактары» — гэта лірычная кампазыцыя «Вусны» і кавэр на песьню гурта Rage Against The Machine «Нас не скарыць», а таксама добра вядомыя песьні «Веру», «Бог. Радзіма. Воля», «Слава героям», «Лютаўскія дажджы», якія загучалі ў новай апрацоўцы.
«Уся мая творчасьць пачыналася з рэпу, з клясычнага для гэтага стылю выкананьня пад бітовыя мэлёдыі, але мне хочацца ўдасканальвацца і рабіць мой музычны прадукт больш цікавым як для слухача, так і для гледача. На сёньняшні дзень я бачу будучыню ў працы з жывымі музыкамі, а не з бітмэйкерамі. Наш новы фармат дае мне і наведвальнікам нашых канцэртаў значна больш пазытыўных уражаньняў ды эмоцый, дазваляе імправізаваць на канцэртах і знаходзіць новыя магчымасьці», — кажа Vinsent.
Таму, каб адчуць усю моц live hip-hop’у, Vinsent вырашыў перад пачаткам запісу новага альбому прэзэнтаваць наглядны прыклад таго, як можа гучаць і выглядаць сучасная беларуская альтэрнатыўная культура.
Прэзэнтацыя 6 кліпаў ідзе на сайце артыста vinsent.org і канале музыкі на youtube.
Кожны ахвотны на паўгадзіны можа перанесьціся ў яскравую атмасфэру «Рэактару» і аднаго з апошніх канцэртаў, які адбыўся на сцэне гэтага ўсім добра вядомага прыхільнікам музыкі месца, якое дзякуючы і гэтаму канцэрту таксама назаўжды застанецца ў нашых найлепшых успамінах.
Каб адчуць нажыва ўсю энэргетыку Vinsent’а разам з жывым бэндам, ужо 6 кастрычніка адбудзецца вялікі сольны канцэрт у сталічным клюбе «Гудвін», які зноў пачаў сваю працу на старым і добра знаёмым месцы: пр. Незалежнасьці, 19. Інфалінія: 8-029-782-88-81.