Ля БДУІР адбыўся студэнцкі марш пратэсту

У Сеціве зьявілася відэа з запісам студэнцкага маршу пратэсту, што адбыўся сёньня ў самым цэнтры Менску ля Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі. Маладыя людзі ішлі па вуліцы з бубнамі, выкрыкваючы лёзунг «Не здавайся! Супраціўляўся!».

На відэа, выкладзеным парталам interfax.by, бачныя некалькі маладых людзей са схаванымі тварамі, якія ідуць па вуліцы Броўкі ў цэнтры Менску і пэрыядычна гукаюць «Не здавайся! Супраціўляўся!».

«Гэта акцыя пратэсту супраць адмены ільготаў, падвышэньня аплаты за навучаньне і выключэньня без прычын студэнтаў з ВНУ», — паведаміў адзін з удзельнікаў флэш-мобу карэспандэнту interfax.by.

Прайшоўшы ўздоўж карпусоў БДУІР, удзельнікі маршу зьніклі ў дварах. Супрацоўнікаў праваахоўных органаў побач заўважана не было.


Фота interfax.by

Марш пратэсту адбыўся на адной з самых ажыўленых студэнцкіх вуліцаў Менску: па ёй штодзень паміж навучальнымі карпусамі двух каледжаў і двух унівэрсытэтаў: БДУІР і БДУ — перасоўваюцца некалькі тысячаў студэнтаў. Марш праходзіў у час вялікага перапынку ў БДУІР, таму акцыю маглі назіраць мінімум некалькі соцень студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0673 seconds.