Голы пратэст наладзіла моладзь Мексікі, каб прыцягнуць увагу да 43 зніклых студэнтаў

 

«Большы шок у гэтай краіне выклікае аголенае цела, чым абвуглены труп».

Горад Ігуала у Мексіцы прыцягнуў увагу ўсяго свету пасля таго, як у рэгіёне зніклі 43 студэнцкія актывісты пасля акцыі пратэстаў супраць рэформы сістэмы адукацыі. Доказы ўказваюць на тое, што ў справе былі задзейнічаныя наркакартэлі пры падтрымцы карумпаваных уладаў.

Яшчэ ў студзені была пацверджаная смерць зніклых студэнтаў, але актывісты працягваюць нагадваць пра іх шматлікімі акцыямі. За забойства былі затрыманыя шэраг мясцовых палітыкаў і наркабаронаў, а таксама 22 афіцэры паліцыі.

Эдгар Алгуін і Сара Яцыры Гуэра Ярэз, фатограф і мадэль – чальцы групы актывістаў, якія пазуюць аголенымі і выкарыстоўваюць свае целы, як білборды ў публічных месцах. Такім чынам актывісты прыцягваюць увагу да жахлівага забойства студэнтаў, якое вядомае як Ayotzinapa 43.

Мексіканскія актывісты кажуць, што сваім праектам з аголенымі целамі намагаюцца расштурхаць грамадства.

«У нашым грамадстве большую занепакоенасць выклікае ўбачыць аголенае цела, чым абвуглены труп на восьмай паласе газеты», – тлумачыць фатограф праекта.

Дзяўчына, што выставіла сваё аголенае цела ў якасці білборда, распавядае, што ў Мексіцы забойствы сталі «часткай штодзённага жыцця». Яна бачыць сваю ролю ў тым, каб спыніць маўчанне людзей шакуючы іх.

У восені мінулага году Мексіку ахапілі шматтысячныя акцыі пратэсту. Дэманстрацыі не спыняліся некалькі месяцаў. Прычынай для новай хвалі пратэстаў стала знікненне групы студэнтаў з 43 чалавек мужчынскага педагагічнага каледжу імя Раўля Ісідора Бургаса. 26 верасня студэнты разам з выкладчыкамі захапілі тры аўтобусы і накіраваліся ў горад Ігуала, каб прыняць удзел у акцыі пратэсту супраць рэформы сістэмы адукацыі. Але па дарозе аўтобусы былі абстраляныя невядомымі. Чацвёра студэнтаў былі забітыя, большасць разбегліся, але 43 чалавекі затрымала паліцыя. Пазней паліцыя абвергла затрыманне. І доўгі час лёс студэнтаў быў невядомы. У студзені было прызнана, што студэнты забітыя пры ўдзеле карумпаванай паліцыі, наркакартэляў і мясцовага мэра.

Расследаванне стала магчымым пад ціскам грамадскасці і выкрыла шматлікія факты пра сувязь уладаў і крыміналу, што шакавалі мексіканцаў і ўвесь свет. 


Ягор Качын 19:50, 11.02.2015 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0497 seconds.