Дыктатараў СНД напужаў Фэйсбук і Твітэр
Вайсковая арганізацыя найбольш адыёзных рэжымаў постсавецкай прасторы АДКБ заявіла, што зьбіраецца пачаць маніторынг Інтэрнэту з мэтай пошуку ў ёй рэвалюцыйных настрояў. Знайсьці рэвалюцыянэраў у Фэйсбуку вайскоўцы АДКБ спадзяюцца з дапамогаю «сваіх людзей» у сацсетках.
Арганізацыя Дамовы па калектыўнай бясьпецы АДКБ, куды акрамя Беларусі ўваходзяць таксама Расея, Казахстан і іншыя
«Справа ў тым, што ў сучасных умовах існуе інфраструктура, якая дазваляе дэстабілізаваць сытуацыю ў любой, нават шчасьлівай краіне. Для падобнай мэты могуць быць выкарыстаныя мабільная сувязь, сацыяльныя сеткі, пры неабходнасьці прыцягнутыя няўрадавыя арганізацыі», — заявіла крыніца газэты ў кіраўніцтве АДКБ.
Кіруючы партнэр агенцтва «Сацыяльныя сеткі» Дзяніс Церахаў мяркуе, што для барацьбы з падобнымі працэсамі на тэрыторыі АДКБ трэба маніторыць, што пішуць, пра што гавораць, і потым апэратыўна ўсё аналізаваць. Аднак гэта няпростая задача:
«Немагчыма мець мільён маніторшчыкаў, якія будуць чытаць мільярд запісаў», — агаворваецца экспэрт. Ён рэзюмуе, што адзіным верным выхадам ёсьць стварэньне нейкай сыстэмы сацыяльнага маніторынгу, калі аб нейкіх падазроных дзеяньнях паведамляюць самі карыстальнікі.
Лідэры АДКБ заявілі, што баяцца рэвалюцый у сацсетках яшчэ на мінулай сваёй сустрэчы ў жніўні. Як тады пісаў «Коммерсант», казахскі прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў уздымаў тэму рэвалюцый на Блізкім Усходзе і пэрспэктыву іх распаўсюджваньня на зону адказнасьці блёку яшчэ на чэрвеньскім саміце ШОС, прапаноўваючы ўзводзіць сьцены «нацыянальных кібермежаў» на шляху «сеткавага дэструктыву».
Зрэшты, некаторыя ўдзельнікі АДКБ ужо назапасілі істотны вопыт блякаваньня дэструктыўных рэсурсаў накшталт сайтаў апазыцыі і адключэньня сацсетак і, напэўна, будуць рады падзяліцца гэтым вопытам з партнэрамі.