Які самы дарагі беларускі ўнівэрсытэт?


За мінулы год беларускія ўнівэрсытэты двойчы падвышалі аплату за навучаньне студэнтаў. У выніку, у некаторых ВНУ з 1 верасьня прыйдзецца плаціць на 50% болей, чым год таму. Гэткі рост разам з валютным крызысам зьмяніў рэйтынг самых дарагіх беларускіх ВНУ.

У папярэднія гады традыцыйна высокай была аплата ў Мэдыцынскім унівэрсытэце, Акадэміі музыкі і на прававых, мэнэджэрскіх і эканамічных спэцыяльнасьцях БДУ. Гэтак на стаматалягічным факультэце МДМУ за год навучаньня бралі 5.4 мільёны ($1.8 тысячы на тыя часы). Аднак з пачаткам дэвальвацыі ў адносінах да даляру кошт навучаньня ў гэтых унівэрсытэтах усё ж зьнізіўся, а не падрос. Асабліва, калі мяняць валюту на чорным рынку.

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які шосты год набірае беларускіх студэнтаў у літоўскай сталіцы, таксама ўзьняў аплату за навучаньне з 1 верасьня 2011. Гэта, а таксама неймаверны рост эўра ў адносінах да беларускага рубля (менавіта ў эўрапейскай валюце ўсталяваныя расцэнкі гэтай ВНУ), зрабілі ЭГУ найдаражэйшым беларускім унівэрсытэтам.

Максымальная аплата за навучаньне ў ім — 1 500 эўра ў год. Сярэдняя — прыкладна 900 эўра. У пераліку нават па афіцыйным курсе першакурсьнікі ЭГУ заплацяць 10.7 мільёны рублёў. А па курсе таго ж віленскага абменьніку — усё 18 мільёнаў. Зрэшты, набыць валюту для навучаньня за мяжой беларускія банкі дазваляюць па ільготных умовах. Толькі вось скарыстацца гэтай магчымасьцю ня так лёгка: нядаўна беларускі прэзыдэнт рэкамэндаваў не мяняць грошы па афіцыйным курсе «пятай калёне». Пад апошняй усе адразу ўявілі Эўрапейскі гуманітарны…

У лідэрах па-ранейшаму БДУ і БДМУ

У астатнім рэйтынг самых дарагіх бел. ВНУ не зьмяніўся. На другім месцы мэдыцынскі з амаль 8 мільёнамі ў год (1.1 тысячы эўра па афіцыйным курсе). На трэцім — найпапулярнейшыя спэцыяльнасьці БДУ (7.5 мільёны ў год, што складае каля тысячы эўра). Далей ідуць БДТУ з 6.6 мільёнамі, БНТУ з 6.4 мільёнамі і Гарадзенскі ўнівэрсытэт, дзе плаціць на некаторых спэцыяльнасьцях трэба 6.3 мільёны ў год.

ТОП-5 самых дарагіх беларускіх ВНУ

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт  10.7 млн. у год (па афіцыйным курсе);

Беларускі дзяржаўны мэдыцынскі ўнівэрсытэт — 8 млн.;

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт — 7.5 млн.;

Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт — 6.6 млн.;

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт —  6.4 млн.

ЭГУ шукае выйсьце

Але, як ні дзіўна, беларусы згодныя вучыцца і ў БДМУ за 8 мільёнаў, і ў Вільні за 10.7 мільёнаў у год. Тым болей, праз студэнцкую візу аказваецца даступнымі абменьнікі Літвы, дзе валюту можна набыць прыкладна па тым жа курсе, што і на чорным рынку дома.

Каб крыху падсаладзіць горыч рухаў на валютным рынку, ЭГУ дазволіў сваім студэнтам плаціць не чатыры ці два разы ў год, як у беларускіх ВНУ, а кожны месяц. Нямала грошай атрымае ўнівэрсытэт і праз праграму абмену Эразмус.

Дарэчы, ЭГУ, гледзячы па ўсім, вырашыў цалкам падвесьці свой фізычны выгляд да прапанавага яму беларускімі ўладамі выгляду палітычнага: праз два-тры гады ўнівэрсытэт спадзяецца пераехаць у «прыгожы стары будынак 18 стагодзьдзя». Раней там быў склад. Як перадае БелаПАН, першы мільён на рэканструкцыю будынку ўрад Літвы ўжо вылучыў. Зрэшты, ці будзе мець новы будынак беларускага ўнівэрсытэту ў выгнаньні такі папулярны ў 18 ст. архітэктурны элемэнт, як калёна, і ці будзе іх болей за чатыры, пакуль не зразумела.

Новае падвышэньне не за гарамі

Але сьпіс найдаражэйшых ВНУ ужо хутка чакаюць чарговыя зьмены: цягам трох месяцаў магчымае новае падвышэньне аплаты за навучаньне. Улады абяцаюць з 1 лістападу ўзьняць стаўку першага разраду — зь ёй вырастуць усе зарплаты пэдагогаў. Менавіта на гэтай падставе у студзені 2011 году ўнівэрсытэты абвясьцілі аб рэкордным узьняцьці тарыфаў на 30–35%.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.