Арганізатары «Вольнага паветра» навучаць, як правільна кідацца каровінымі кізякамі

Сьвята сыходзячага лета — этна-фэст «Вольнае паветра» — абяцае даць шанец годна завершыць лета 2011: этна-мадэрн зь шасьці краінаў, альтэрнатыўнае кіно пад адкрытым небам і першы беларускі турнір па кіданьні каровінымі кізякамі. Па словах арганізатараў, адсутнасьць дажджу 27 жніўня гарантаваная мясцовай адміністрацыяй, а «снарады» для турніру ўжо нарыхтоўваюць на палях Валожынскага раёну.

Вольнае паветра

На гэты раз арганізатары «Вольнага паветра» не запрашаюць у праграму разьвядомых хэдлайнэраў, затое зьбіраюць на хутары фольк з пяці краінаў. Каманда Калмыкоў-Шаблінскі-ПапаБо сабралася на хутары ды склала праграму з гуртоў на ўласны густ. Найперш, кажуць, каб стварыць атмасфэру.

Вольнае паветра

Атрымалася насычаная праграма з музыкі але не звычайнага фольку, а розных сучасных адценьняў: фольк-рэйв з балканскімі матывамі, фольк-рэп, індыйская этна-музыка. Літва (Sovijus), Сэрбія (Shazalakazoo), Расея («Комба-бакх»), Україна («Бадзьян Саўна Сістэм»), Беларусь ды Польшча апануюць на вечар галоўную пляцоўку і адзін з хляўкоў.

Яшчэ на дзьвюх пляцоўках разьмесьціцца чылаўт і кіназаля пад начным зорным небам Валожыншчыны. Зрэшты, уласную прастору можна будзе збацаць на хутары самому, прыхапіўшы намёт і сяброў. Але сон лепей адкласьці — экшан працягнецца да 6-й раніцы. Кароткамэтражныя самаробныя фільмы з Чэхіі, Польшчы, Беларусі ў межах DIY-фэсту, рэгі-танцпляц у хляве, чылаўт-зона зь беларускімі дыджэямі — будзе не да сну.

Хутар Шаблі ўсё часьцей прымае ў сябе музычныя фэсты ды творчыя выезды, незаўважна стаўшы канцэртнай пляцоўкай.

Вольнае паветра

«Мы ня блізка, але народ едзе. За апошнія гады сфармавалася кола людзей, каму раўназначная аддаленасьць месца ад Менску і Вільні прыносіць задавальненьне», — распавядае гаспадар легендарнага хутару Ўладзімір Шаблінскі. Толькі гэтым летам хутар двойчы прымаў фэст «Канцэрт на траве».

Вольнае паветра

Аднак забаву, якую рыхтуюць арганізатары і валянтэры да фэсту, яшчэ ні разу не ладзілі ў Беларусі ды й на самім хутары. Хіба што пэўныя падрыхтоўчыя экспэрымэнты ў Шаблях ужо ішлі, а слава амэрыканскіх рэкардзмэнаў не давала спакою беларускім прадусарам. Гаворка пра кіданьне каровінымі кізякамі — па-просту сухімі каровінымі какешкамі, якімі багатая зямля ня толькі Валожыншчыны. Арганізатары самі закасалі рукавы й пайшлі ў поле.

Вольнае паветра

«І гэта не забава! Усё сур’ёзна. Трэба пабіць рэкорд, — не маргнуўшы вокам настойваў Яўген Калмыкоў, падрабязна распавядаючы, як сушылі над вогнішчам „снарады“, рыхтуючы іх да турніру. — Аднак у маленькім кавалку гаўна — цэлы мікрасьвет! І гэта праблема, якая патрабуе сьмеласьці і іншых якасьцяў».

Як правільна кідаць кізякі, Яўген і Папа Бо дэманструюць у адмысловым відэа.

На апошні летні оўпэн-эйр квіткі да канца гэтага тыдня распаўсюджваюцца па кошце 20.000 бел.руб. з асобы + 30.000 з намёту, а з панядзелка ўсе кошты ў эканамічна-неспакойны час узрастуць на 20.000 ці, калі набываць у дзень фэсту, то на 30.000. Даехаць на «Вольнае паветра» можна на ўласным аўто, электрычкамі, арганізаваным транспартам, спынам, роварамі ці пешшу.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.