Кампэнсацыя за здымнае жытло для студэнтаў — $1.1

Толькі чвэрць менскіх студэнтаў, якім патрабуецца месца ў інтэрнаце, змогуць атрымаць яго. Астатнім прыйдзецца здымаць кватэры і пакоі самастойна. Але Мінадукацыі не сьпяшаецца падвышаць кампэнсацыю за здымнае жытло, нягледзячы на пастаянны рост арэнды ў рублях.

Кампэнсацыя за арэнду жытла, якую выплачвае Міністэрства адукацыі іншагароднім студэнтам, складае 8 500 рублёў ці каля $1.1 па неафіцыйным курсе. Гэта велічыня пастаянная і зьмяняцца можа толькі з карэкцыяй базавай велічыні.

Тым часам з-за закрыцьця студінтэрнатаў дзеля іх падрыхтоўкі да чэмпіянату сьвету па хакеі, што адбудзецца ў 2014 годзе, менскія студэнты маюць усё меней шанцаў атрымаць пакой у інтэрнаце. У сярэднім у сталіцы конкурс на студэнцкае жытло — 3-4 чалавекі на месца.

Рыэлтары тым часам прагназуюць падаражаньне жытла напярэдадні навучальнага году.

«Ужо традыцыйна перад наплывам студэнтаў у Менску гаспадары кватэраў падымаюць кошты. Калі ў верасьні курс даляру павысіцца, то ў даляравым эквіваленце кошты ўпадуць яшчэ, але ў беларускіх рублях кватэры таньнейшымі ня стануць, усё залежыць ад валюты, якой будзе расплочвацца кліент, — тлумачыць прадстаўнік агенцыі нерухомасьці Сяргей Логінаў. — На пачатку восені прагназуецца павелічэньне платы за камунальныя паслугі. Гэта таксама варта ўлічваць, бо большасьць гаспадароў настойваюць, каб гэтыя выдаткі бралі на сябе арандатары».

Цяпер сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры ў Менску складае 170–200 даляраў, пакою — $50.

Праблема здымнага жытла актуальная і для былых студэнтаў, што атрымалі разьмеркаваньні ў няродным горадзе. Арганізацыі, куды выпускнікоў разьмяркоўваюць, могуць засяліць былога студэнта ва ўласны інтэрнат альбо кампэнсаваць грошы за яго арэнду. Аднак рабіць гэтага яны не абавязаныя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.